Верагодна, многім з вас даводзілася прымаць фінансавыя рашэнні, пра якія вы потым шкадавалі.

Як навучыцца правільна прымаць рашэнні, якія датычацца нашых фінансаў? Што такое неразумныя траты? Як вы думаеце?

Можна сказаць, што неразумныя траты – гэта памылкі ў планаванні і размеркаванні грашовых сродкаў. У канчатковым выніку неразумныя траты прыводзяць да недахопу грошай, да даўгоў, да празмернай крэдытнай нагрузкі... Асноўнай прычынай неразумных тратаў, як правіла, з'яўляецца тое, што фінансавы лад жыцця чалавека не адпавядае яго сапраўдным жаданням. За кожнай пустой тратай хаваецца пэўная эмацыйная патрэба. Скажам, магчыма, што юнак, які купляе дарагую рэч, хоча такім чынам "выцерці нос" сябрам, а маладая дзяўчына, якая бярэ ў крэдыт сучасны смартфон, на самой справе хоча такім чынам вылучыцца сярод аднагодкаў.

Здзяйсняючы падобныя траты, варта зразумець, што менавіта вы жадаеце атрымаць у абмен на свае грошы. Магчыма шляхам набыцця рэчы, якая першапачаткова вам не па кішэні, вы жадаеце дамагчыся якіх-небудзь іншых псіхалагічных мэтаў. Падумайце пра гэта. Бо на самай справе гэта самападман, паколькі ні адна рэч у свеце не здольна задаволіць эмацыйныя патрэбы чалавека і палепшыць яго душэўны стан. І калі задумацца над сапраўднай каштоўнасцю тавараў і паслуг, якія чалавек збіраецца набыць, колькасць непатрэбных трат можна паменшыць ў разы.

Як паказвае практыка, неразумныя траты (гэта значыць выдаткі на рэчы і паслугі, якія не патрэбны, без якіх вы лёгка можаце абысціся) у сваім бюджэце без цяжкасці выявіць кожная сям'я. Самымі распаўсюджанымі з іх можна назваць харчаванне не дома (кафэ, рэстараны), неашчаднае выкарыстанне рэсурсаў, задавальненне імгненных жаданняў, купля лішніх, непатрэбных рэчаў, купля лішняга адзення і аксесуараў, працэнты банку, пераплаты, купля занадта дарагіх падарункаў на святы.

А калі падлічыць, колькі грошай можна было б эканоміць штомесяц, паменшыўшы, хоць бы некаторыя з вышэйзгаданых трат, і памножыць вынік на 12? Запэўніваю вас, сума гадавой эканоміі вас моцна ўразіць!

Адпаведна можна выправіць сітуацыю, калі па магчымасці гатаваць ежу дома, эканоміць электраэнергію, ваду, газ, а гэтак жа не марнаваць грошы на пустыя тэлефонныя размовы, тым самым паменшыўшы плату за сотавую сувязь і г. д. Старайцеся планаваць кожную пакупку, паспрабуйце пачаць рабіць пакупкі па загадзя складзеным спісе. Сума гадавой эканоміі – гэта сума, якую ваша сям'я можа адкладаць ужо цяпер для дасягнення сваіх фінансавых мэтаў. Паспрабуйце параўнаць цэны на прадукты ў краме побач з домам і ў супермаркеце. Палічыце, наколькі яны адрозніваюцца. Падумайце: дзе выгадней купляць прадукты?

Псіхалагічна мы цэнім рэчы мацней, чым грошы. І гэтым карыстаюцца прадаўцы, прадаючы нам непатрэбны тавар. Мы павінны навучыцца з гэтым змагацца! Трэба быць вельмі асцярожнымі, калі купляеце што-небудзь на распродажы або са зніжкамі! Такія словы як "зніжка", "распродаж", "выгадныя ўмовы" і г. д. не павінны ўплываць на ваша рашэнне. Як паказвае практыка, большасць рэчаў, набытых на распродажы, вельмі часта аказваюцца непатрэбнымі.

Купляючы рэч, старанна абдумайце яе неабходнасць. Не трэба зыходзіць з наяўнасці і цаны тавару ў дадзены момант, трэба падумаць аб вашай рэальнай патрэбе ў рэчы.

Часта вельмі высокія цэны ўсталёўваюцца ў месцах вялікага патоку людзей, у курортных зонах ці на тэрыторыях музеяў і запаведнікаў. Пазбягаючы пакупак у такіх месцах, можна сэканоміць да трыццаці адсоткаў свайго бюджэту. Нават калі вы вельмі хочаце набыць пэўную рэч, лепш купіце яе крыху пазней і па больш нізкай цане.

І яшчэ пагаворым аб пераплаце. Ці заўважалі вы, што некаторыя рэчы ў розны час года каштуюць па-рознаму. Чым бліжэй момант выкарыстання рэчы да даты яе набыцця, тым яна даражэйшая. Напрыклад, калі вы збіраецеся купіць ровар, то, купляючы яго позняй восенню, вы заплаціце за яго на 20-30% менш, калі б вы куплялі яго вясной.

Нашай канчатковай мэтай з'яўляецца не сумная эканомія, а набыццё карыснай звычкі расходаваць свае грошы на сапраўды важныя рэчы! А вось адкладаюцца грошы значна лягчэй, калі чалавек разумее, для чаго ён гэта робіць.

Так што стаўце мэты і ідзіце да іх, нават калі гэтыя крокі будуць маленькімі.

Праверце сябе! Прапануем вам адказаць на некалькі пытанняў, якія дапамогуць ацаніць вашу фінансавую граматнасць, даведацца свае прабелы і вызначыць далейшыя крокі для павышэння сваіх кампетэнцый ў фінансавай сферы. Гэта проста, цікава і карысна!
Ці ўмееце вы эканоміць?

Ці ведаеце вы, што эканомны чалавек, гэта той, які не толькі беражліва расходуе рэсурсы, клапатліва ставіцца да матэрыяльных і духоўных выгод, але і той, хто прымае фінансава правільныя рашэнні. Менавіта беражлівасць дапамагае шляхам захавання малога дасягнуць большага.

Што вы ведаеце аб фінансавым планаванні?

Некаторыя людзі мараць пра машыну, ровар, планшэт або пра іншыя рэчы. Але, на жаль, часта гэтыя жаданні так і застаюцца ў марах і не ўвасабляюцца ў жыццё. Прычына - адсутнасць фінансавага плана.