Банкаўскі ўклад (дэпазіт) – гэта грашовыя сродкі, перададзеныя банку пад працэнты і на ўмовах вяртання, вызначаных дагаворам банкаўскага ўкладу (дэпазіту).
У адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 лістапада 2015 г. № 7 "Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)", ад 12 лістапада 2015 года дагаворы тэрміновага і ўмоўнага банкаўскага ўкладу (дэпазіту) падраздзяляюцца на безадзыўныя і адзыўныя.

Галоўнай адметнай асаблівасцю гэтых двух відаў дагавораў з'яўляюцца ўмовы датэрміновага вяртання ўкладу (дэпазіту).

Пры заключэнні адзыўнага дагавора прадугледжваецца магчымасць датэрміновага вяртання ўкладу (дэпазіту) па ініцыятыве ўкладчыка. Пры гэтым пэўныя тэрміны і ўмовы вяртання ўкладу (дэпазіту) будуць прапісвацца ў дагаворы паміж банкам і ўкладчыкам.

Безадзыўным дагаворам датэрміновае вяртанне ўкладу (дэпазіту) па ініцыятыве ўкладчыка не прадугледжваецца. Вярнуць уклад (дэпазіт) да заканчэння тэрміну дзеяння дагавора магчыма толькі са згоды банка.
Грашовыя сродкі прымаюцца ва ўклады (дэпазіты) банкамі, якія маюць ліцэнзію на права прыцягнення грашовых сродкаў фізічных і (або) юрыдычных асоб ва ўклады (дэпазіты).
Банкаўскі ўклад (дэпазіт) выкарыстоўваюць для захоўвання, зберажэння і прымнажэння грашовых сродкаў. Укладчыкі вольныя ў выбары банка для размяшчэння ва ўклады (дэпазіты) грашовых сродкаў, якія ім належаць, і могуць мець уклады (дэпазіты) у адным або некалькіх банках.

Банкамі краіны прапануецца шырокі выбар відаў укладаў (дэпазітаў), як у беларускіх рублях, так і ў замежнай валюце, з рознымі тэрмінамі і ўмовамі захоўвання. Банкі самастойна вызначаюць умовы заключэння здзелак з кліентамі і ўсталёўваюць узровень працэнтных ставак па ўкладах (дэпазітах) зыходзячы з узроўню стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, стану грашовага рынку, уласнай дэпазітнай палітыкі і неабходнасці забеспячэння даступнасці крэдытаў.

Па асобных відах укладаў (дэпазітаў) памер працэнтных ставак вызначаецца тэрмінам укладу (дэпазіту), сумай, частатой выплаты даходу, аб'ёмам і характарам спадарожных паслуг, нарэшце, залежыць ад выканання кліентам умоў дагавора.

Выбраўшы тую ці іншую форму захоўвання сваіх зберажэнняў, кожны ўкладчык нясе пэўныя рызыкі ў частцы атрымання максімальнага ўзроўню даходнасці ад размяшчэння сваіх сродкаў.
Пры выбары таго ці іншага віду ўкладу (дэпазіту) для размяшчэння грашовых сродкаў спажыўцу гэтай паслугі можна параіць разглядаць умовы прапанаваных укладаў (дэпазітаў) з улікам сваіх чаканняў ад захоўвання грашовых зберажэнняў і звяртаць увагу не толькі на ўзровень працэнтнага даходу, але і на іншыя ўмовы ўкладу (дэпазіту).

Напрыклад, калі для ўкладчыка прыярытэтам з'яўляецца магчымасць датэрміновага зняцця ўкладу (дэпазіту) з мінімальнай даходнасццю, то варта звяртаць увагу на адзыўныя дэпазіты. Калі найбольш пераважнай умовай з'яўляецца максімальная прыбытковасць, і грашовыя сродкі ў бліжэйшы час ўкладчыку не спатрэбяцца, то арыентырам можа выступаць даходнасць па ўкладзе (дэпазіце) і спосаб налічэння працэнтаў (такая ўмова, як капіталізацыя працэнтаў забяспечвае большую даходнасць па ўкладу (дэпазіту).

У некаторых банках есць віды тэрміновых укладаў (дэпазітаў), якія прадугледжваюць магчымасць атрымання дадатковага даходу ў выглядзе розных бонусаў, прэмій, выйгрышаў. Акрамя таго, варта звярнуць асаблівую ўвагу на тое, ці з'яўляецца працэнтная стаўка па ўкладзе (дэпазіце) фіксаванай або банк мае права змяніць яе ў аднабаковым парадку.

Нацыянальны банк, не ўмешваючыся ў дагаворныя адносіны банкаў і іх кліентаў, з'яўляецца рэгулятарам грашова-крэдытнага рынку і выкарыстоўвае розныя метады, каб забяспечыць абарону захаванасці зберажэнняў у беларускіх рублях ад інфляцыі.

Акрамя таго, прымаюцца меры для забеспячэння захаванасці грашовых сродкаў фізічных асоб, размешчаных на рахунках і (або) у банкаўскія ўклады (дэпазіты) у Рэспубліцы Беларусь. У адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2008 г. № 22 "Аб гарантыях захаванасці грашовых сродкаў фізічных асоб, размешчаных на рахунках і (або) у банкаўскія ўклады (дэпазіты)" дзяржава гарантуе поўнае захаванне ўкладаў (дэпазітаў) насельніцтва, вяртанне фізічным асобам (рэзідэнтам і нерэзідэнтам) усёй сумы ўкладу (дэпазіту) па ўсіх рахунках, у валюце ўкладу (дэпазіту), ва ўсіх банках краіны.