Калі вы збіраецеся ў падарожжа за мяжу на сваім аўто, не забудзьцеся аформіць "Зялёную карту". Гэта міжнародны дагавор страхавання аўтаграмадзянскай адказнасці, які дапаможа пазбегнуць сур'ёзных выдаткаў у выпадку ДТЗ.
Калі па віне ўладальніка аўтамабіля за мяжой адбудзецца аварыя, шкоду пацярпелым кампенсуе страхавая кампанія, якая выдала "Зялёную карту". Поліс дзейнічае ў 48 краінах, у тым ліку ва ўсіх еўрапейскіх дзяржавах, а таксама некаторых краінах Азіі і Афрыкі. Такім чынам, "Зялёная карта" практычна цалкам пакрывае геаграфію магчымых з Беларусі аўтавандровак.
Мінімальны тэрмін, на які можна аформіць такую страхоўку, складае 15 дзён, а максімальны - 1 год. Такім чынам, можна аформіць "Зялёную карту" як на адну паездку, так і адразу на некалькі - і цэлы год падарожнічаць без лішняга галаўнога болю. Дарэчы, калі вы паспрабуеце выехаць на беларускім аўто за мяжу без "Зялёнай карты" - мытня вас не прапусціць, так што поліс прыйдзецца аформіць у любым выпадку.
Што рабіць, калі за мяжой адбылося ДТЗ?
Паведаміце пра здарэнне ў мясцовую дарожную паліцыю.
Сфатаграфуйце месца здарэння, транспартныя сродкі ўдзельнікаў ДТЗ і іх пашкоджанні.
Пасля афармлення ДТЗ патрабуйце копію пратаколу або паведамленне аб ДТЗ. Зьбірайце ўсе дакументы, якія маюць дачыненне да справы, і захоўвайце іх. У адваротным выпадку можа здарыцца, што з-за якой-небудзь фармальнасці вас не выпусцяць з краіны, дзе адбылося ДТЗ, да поўнага высвятлення абставінаў.
Абавязкова запішыце і захавайце каардынаты ўсіх удзельнікаў ДТЗ, нумары і тэрміны дзеяння іх страхавых дакументаў. Падайце ім аналагічныя дадзеныя пра сябе.
У выпадку няведання мовы краіны, дзе адбылося ДТЗ, пры складанні пратаколу побач са сваім подпісам напішыце: "Мовы не ведаю" ці "Мову не разумею".
У пісьмовым выглядзе паведаміце страхавой кампаніі, што выдала "Зялёную карту", пра факт ДТЗ і ўсе яго абставіны.
Будзьце ўважлівы!
Не купляйце "Зялёныя карты" ў выпадковых асоб, карыстайцеся паслугамі надзейных страхавых кампаній.
Ніколі і нікому не аддавайце ваш арыгінал "Зялёнай карты". Пры неабходнасці можна даць другі ліст поліса (яго копію) або ксеракопію першага ліста.
Памятаеце, што "Зялёная карта" не абараняе ваш уласны аўтамабіль - яна страхуе здароўе і маёмасць іншых людзей і арганізацый. Калі пры паездцы за мяжу вы хочаце засцерагчы і сваё аўто - прыйдзецца аформіць поліс КАСКО з пакрыццём рызык пры выездзе за мяжу.