Коратка аб асноўных метадах фінансавых махляроў, а таксама пра тое, як своечасова распазнаць падман і захаваць свае грошы.

У працэсе развіцця тэхналогій з'явіліся даступныя кожнаму спосабы плаціць за тавары і паслугі, не выходзячы з дому. Адпаведна, і злачынцы навучыліся красці дыстанцыйна. Ключ да іх поспеху - не толькі вынаходлівасць і тэхналагічная дасведчанасць, але і залішнія даверлівасць, нядбаласць або хцівасць ахвяры ашуканца.

Фінансавыя піраміды. Як распазнаць?

Сацыяльныя сеткі запоўненыя прапановамі прайсці курсы, трэнінгі, марафоны па фінансавай асвеце, стварыць крыніцы сталага даходу і разбагацець. У найлепшым выпадку можна патраціць не вельмі многа грошай на набыццё бескарысных ведаў. Аднак нярэдка за “паспяховымі інвестарамі”, гатовымі падзяліцца магічнымі парадамі, крыюцца самыя звычайныя фінансавыя піраміды. Залучаныя туды людзі атрымліваюць прыбытак толькі на першай стадыі, а потым губляюць усё. Падазрэнні павінны з’явіцца, напрыклад, калі вам гарантуюць даход ад інвестыцый і сцвярджаюць, што інвестыцыі не патрабуюць базавых ведаў, калі абяцаюць узнагароду за запрашэнне новых удзельнікаў, а крыніцы даходаў і механізмы іх атрымання не раскрываюцца.

«Выгадныя» здзелкі

Маюць месца і махлярствы з перадаплатай, калі злачынец просіць ахвяру загадзя аплаціць паслугі ці тавары, каторых ніколі не атрымае. Звычайна прапанова бывае вельмі выгаднай. Гэта могуць быць СМС-паведамленні альбо электронныя лісты аб ільготных пазыках, вялізных зніжках ці прыбытковых інвестыцыях. Утрымайцеся ад спакусы зарабіць лёгкія грошы або значна ашчадзіць, і не пералічвайце грошы незнаёмцам і сумнеўным прадпрымальнікам. СМС-рассылкі пра выйгрышы і бонусы, дзе прапануецца заплаціць камісію за банкаўскі перавод або нешта падобнае, лепей адразу адправіць у спам.

Небяспечныя знаёмствы

Ашуканцы ўмела маніпулююць пачуццямі людзей. Яны могуць прымусіць сваіх ахвяр эмацыйна залучыцца ў адносіны з незнаёмымі людзьмі, з якімі пазнаёміліся завочна - у сацыяльных сетках, анлайн-форумах або на сайтах знаёмстваў. З часам тыя могуць папрасіць грошы, напрыклад, на падрыхтоўку да спаткання, на тэрміновае лячэнне дзіцяці і нават на сумесны паход у кіно. Такія просьбы павінны выклікаць трывогу, асабліва калі партнёр пазбягае асабістых сустрэч.

«Званок з банка»

Махляры могуць паспрабаваць выкрасці грошы, называючы сябе супрацоўнікамі банка, каторыя нібы спрабуюць прадухіліць падазроную аперацыю з рахункам кліента. Але банкаўскі служачы не будзе распытваць пра даныя банкаўскай карты, паролі, коды, пашпартныя даныя і тым больш - прапаноўваць усталяваць на тэлефон дадатак па накіраванай спасылцы. Калі такія тэмы паўсталі - гэта злодзей, нават калі ў вашым тэлефоне вызначыўся афіцыйны нумар банка.

«Няшчасці» з блізкімі

Часам ашуканцы маніпулююць ахвярамі, прымушаючы паверыць, што іх блізкія людзі нібыта апынуліся ў надзвычайнай сітуацыі. У стрэсавай сітуацыі чалавек аддае грошы, каб дапамагчы ў выпадку аварыі, крадзяжу грошай, тэрміновых медыцынскіх выдаткаў, патрабавання хабару і т.д. Трэба звязацца непасрэдна з пацярпелым, незалежна ад драматычнасці расказанай вам гісторыі. Дарэчы, празмернасць асабістай інфармацыі ў сацсетках робіць людзей больш прыступнымі для такой аферы.

Неправераныя сэрвісы для смартфона

Абмяжуйце доступ да гаджэта, карыстайцеся даступнымі сістэмамі абароны ад узлому, усталюйце складаны пароль і надзейны антывірус. Будзьце абачлівымі падчас інсталяцыі бясплатных праграм і іх абнаўленні. Магчыма, што ў пампаваным файле вірус. Вынікам карыстання неправеранымі сэрвісамі можа стаць спісанне сродкаў або падпіска на платныя рассылкі. Карыстайцеся вядомымі сэрвісамі для пакупкі опцый і кантэнту для вашага смартфона.

Не пералічвайце грошы незнаёмым!

Нават карыстацца плацежнай карткай спецыялісты рэкамендуюць адпаведна пэўным правілам: не захоўваць там многа грошай для паўсядзённых разлікаў, завесці асобныя карткі для паездак за мяжу і разлікаў у Інтэрнэце, падключыць спецыяльны пратакол 3D Secure і СМС-апавяшчэнне, устанавіць ліміты на безнаяўныя разлікі і зняцце наяўных грошай.

Будзьце пільныя з ахвяраваннямі, пералічвайце грошы толькі правераным аўтарытэтным арганізацыям, але ні ў якім выпадку не прыватным асобам.

Заўсёды памятайце, што суразмоўцы могуць быць не тымі, кім прадстаўляюцца. Злачынцы пастаянна прыдумваюць новыя спосабы выманіць у людзей грошы ці канфідэнцыйныя даныя для доступу да рахункаў.

Што павінна выклікаць падазрэнне?

Якой бы ні была легенда, ёсць чатыры прыкметы, па якіх лёгка вылічыць аферыстаў.

1. З вамі заводзяць размову пра грошы.

2. Вас просяць паведаміць асабістыя даныя.

3. Вас уводзяць у стан эмацыйнага шоку і прыспешваюць з прыняццем рашэння.

4. Калі прапанова занадта прывабная, каб быць праўдай, то амаль напэўна вы на ёй страціце.