Любы чалавек з дзяцінства і да канца жыцця амаль штодня карыстаецца грошамі. І ў гэтай справе таксама патрэбны пэўны досвед. Сёння паўтараем сем фінансавых запаведзяў, якіх трэба прытрымлівацца, каб фінансы былі ў парадку.

Запісвайце ўсе выдаткі

Часам здаецца, што грошы літаральна бягуць скрозь пальцы. Быццам бы нічога не куплялі - а ў кашальку амаль пуста. На самой справе, грошы, вядома, не выпарыліся, яны былі выдаткаваныя. Вы можаце лёгка разабрацца, куды дакладна яны сыходзяць, калі пачнеце старанна фіксіраваць усе свае траты. Маючы перад вачыма поўную карціну, вы аптымізуеце выдаткі і зможаце перагледзець бюджэт. Улік фінансаў - першы і найважнейшы крок.

Рабіце ўсвядомленыя пакупкі

Тавары ў супермаркетах спецыяльна расстаўлены так, каб вы пакінулі у краме пабольш грошай - і гэта не сусветная змова, гэта проста бізнэс. Яркія ўпакоўкі і рэклама, разнастайныя спецпрапановы - хітрасці, дзякуючы якім чалавек лёгка марнуе грошы. Памятаеце, што да любых пакупак трэба падыходзіць з розумам. Перад тым, як адправіцца ў краму, складзіце спіс неабходных тавараў. Не бярыце з паліц лішняга. Звяртайце ўвагу на акцыі і карыстайцеся імі, калі гэта сапраўды дазволіць зэканоміць. Яшчэ адзін незвычайны, але дзейсны савет - старайцеся не хадзіць у краму галоднымі. І старанна абдумвайце любую буйную пакупку, не марнуйце грошы, паддаўшыся хвіліннаму ўплыву эмоцый.

Не плаціце лішняга

Час ад часу варта ўзгадваць пра тое, якім тарыфам мабільнай сувязі і хатняга інтэрнэту вы карыстаецеся. Магчыма, з часам вашыя патрэбы змяніліся, і зараз вам падыйдзе больш эканамічны пакет паслуг. Таксама варта перыядычна правяраць, ці не з'явілася ў вашага пастаўшчыка паслуг новых, больш выгадных прапаноў. І не забывайце аб платных падпісках на разнастайныя сэрвісы. Магчыма, вам больш не трэба карыстацца платным дадаткам для вывучэння замежнай мовы, ці адпала патрэба плаціць за доступ да сэрвісу серыялаў. Рэгулярна правярайце, якія платныя праграмы ёсць у вашым смартфоне.

Адкладвайце грошы

Зберажэнні - гэта грошы, заробленыя вамі, але не выдаткаваныя на бягучае спажыванне. Як правіла, яны фармуюцца паступова. У будучыні зберажэнні можна выкарыстоўваць для здзяйснення буйных пакупак і атрымання дадатковага даходу. Фінансавы рэзерв дазволіць здабыць упэўненасць у заўтрашнім дні, справіцца с форс-мажорнымі сітуацыямі, павысіць якасць жыцця ў будучыні. Нават калі ў вас зусім невялікія даходы, варта рэгулярна адкладаць мінімальную суму. Важна зрабіць першы крок, і праз нейкі час гэта стане звычкай.

Інвесціруйце

Важна не толькі зэканоміць грошы, але і правільна імі распарадзіцца. Скарбонка - добры сувенір, але дрэнны памочнік у захоўванні грошай. І справа нават не ў злодзеях, якія могуць абрабаваць кватэру. Справа ў тым, што абсалютна любая валюта схільная да інфляцыі. Інфляцыя - гэта працэс росту коштаў. З цягам часу на адну і тую ж суму грошай вы зможаце набыць усё менш і менш тавараў. Каб абараніць грошы ад інфляцыі, іх трэба інвесціраваць такім чынам, каб стаўка гадавой даходнасці перавышала гадавую інфляцыю адпаведнай валюты. Напрыклад, інфляцыя беларускага рубля ў апошнія гады вагаецца ў межах 5-10%. Значыць, рублі трэба размяшчаць пад 5-10% гадавых. З такой задачай справяцца многія інвестыцыйныя інструменты: дэпазіты, аблігацыі, накапляльныя страхавыя праграмы.

Стаўце фінансавыя мэты і складайце фінансавыя планы

Кожны з нас часам сутыкаецца з неабходнасцю зрабіць буйную пакупку. Гэта можа быць аўтамабіль, уласнае жыллё, рамонт, адукацыя, бытавая тэхніка і г.д. Працэс стане прасцей, калі загадзя ўстанавіць для сябе фінансавую мэту. Яна павінна быць канкрэтнай і дасягальнай, пры гэтым важна вызначыцца з тэрмінамі. Прыклад фінансавай мэты - праз 2 гады хачу набыць аўтамабіль пэўнай маркі. Яшчэ на этапе пастаноўкі мэты важна старанна разгледзець альтэрнатывы - магчыма, вам падыдзе іншы аўтамабіль, які не саступае па спажывецкіх уласцівасцях, але больш танны? Пасля таго, як мэта пастаўлена, складзіце фінансавы план. Улічыце, колькі часу ў вас наперадзе, якая сума накапленняў ужо ёсць, колькі яшчэ трэба назапасіць. Складзіце для сябе графік накапленняў і старайцеся строга яго прытрымлівацца.

Карыстайцеся крэдытамі з розумам

У многіх выпадках банкаўскі крэдыт – гэта незаменны памочнік, які хутка дазваляе дасягаць фінансавых мэтаў. Без крэдыту складана абысціся, каб вырашыць жыллёвае пытанне ці, да прыкладу, даць дзіцяці якасную вышэйшую адукацыю. Разам з тым, крэдыт можа быць і на шкоду. Купляць у крэдыт новае футра проста таму, што яно спадабалася, ці апошнюю мадэль дорага смартфона - дрэнная задума. Бо грошы банку ў любым выпадку давядзецца вяртаць, і не проста, а з працэнтамі. Баяцца крэдытаў не варта, гэта карысны і празрысты інструмент, але і злоўжываць імі ня варта.