Распаўсюджаныя міфы пра фінансавую граматнасць часта палохаюць людзей і перашкаджаюць ім удасканальваць свае навыкі карыстання грашыма. У гэтым артыкуле мы развянчаем некалькі распаўсюджаных міфаў.

Міф №1. Фінансавая граматнасць патрэбна толькі тым, у каго шмат грошай

Гэта адно з пашыраных апраўданняў людзей, якія не цікавяцца пытаннямі фінансавай граматнасці. Яны не ашчаджаюць, не інвестуюць нібы таму, што зарабляюць недастаткова.

Аднак незалежна ад таго, колькі вы зарабляеце, набыццё карысных фінансавых навыкаў, такіх як вядзенне ўліку даходаў і выдаткаў, складанне асабістага фінансавага плана, рацыянальнае выкарыстанне фінансавых інструментаў, уменне распазнаць ашуканца, дапамагаюць дабіцца поспеху ў жыцці.

Міф №2. Зберагаць - гэта складана

Зусім не! Галоўнае - пачаць. Можна распачаць з малога. Найгалоўнае ў зберажэннях - рэгулярнасць. Усталюйце працэнт адлічэнняў з любой сумы, без выключэнняў. Зберагаць - гэта прывычка, і чым раней вы выпрацуеце гэтую карысную звычку, тым лепш.

Дзве найважнейшыя рэчы, якія трэба ведаць, калі гаворка заходзіць аб зберажэннях... Перш за ўсё, любая сума, якую вы адкладаеце, лепш, чым наогул нічога. Таксама варта прытрымлівацца эфектыўнай стратэгіі зберажэнняў, - спачатку адкладаем частку даходу, астатняе трацім. Аніяк не наадварот. Адкладаць грошы ў канцы месяца - рэшту пасля ўсіх выдаткаў - вялікая памылка, якую робіць, на жаль, вельмі многа людзей.

Міф №3. Фінансавая граматнасць - гэта пра жорсткую эканомію

Як атрымаць больш за тыя ж грошы і разумная эканомія, а не адмова ад усяго -менавіта гэтаму навучае фінансавая граматнасць. Гэта не аскетызм, а ўсвядомлены падыход да выдаткаў і прыбыткаў. Уважлівае стаўленне да фінансаў дае магчымасць здабываць максімум з наяўных магчымасцей і з мінімальнай рызыкай.

Дарэчы, вядзенне сямейнага ці асабістага бюджэту працуе так, нібыта вы самі дадалі сабе заробак. Вы не зарабляеце больш, але маеце больш грошай!

Наадварот, неразуменне таго, як працуюць грошы, або як разумна і адказна кіраваць імі, перашкодзіць поспеху і паставіць пад пагрозу вашу фінансавую будучыню.

Міф №4. Фінансавая граматнасць - гэта сумна

Насамрэч фінансавая граматнасць неверагодна цікавая, таму што яна заўсёды актуальная для любога чалавека ў паўсядзённым яго жыцці.

Быць фінансава граматным - гэта значна больш, чым проста сачыць, куды ідуць вашы грошы, або ведаць, колькі вы патрацілі ў гэтым месяцы. Гэта - развіццё рацыянальнага грашовага мыслення, вольнага ад абмяжоўваючых пераканнняў. Гэта - фармаванне добрых звычак адносна грошай, якія закладваюць аснову для разумнага і адказнага стаўлення да іх. Гэта развівае глыбокае разуменне фінансавай свабоды і таго, як найлепш яе дасягнуць з улікам вашых асабістых абставін. Так што асабістыя фінансы - не сумная тэма.

Міф №5. Фінансавая граматнасць патрэбна дзецям, дарослым вучыцца ўжо запозна

Сапраўды, дзеці найбольш успрымальныя да набыцця ведаў і ўменняў. Да таго ж, усе звычкі фарміруюцца менавіта ў дзяцінстве.

Але, па-першае, незалежна ад узросту, чалавеку трэба вучыцца і пазнаваць нешта новае, каб яго мозг заставаўся актыўным. І дарослым людзям фінансавая граматнасць проста-такі неабходна для кіравання асабістымі фінансамі, ацэнкі рызык і прыняцці разумных рашэнняў пры карыстанні фінансавымі прадуктамі і паслугамі, для абароны ад ашуканцаў і планавання пенсійнага забеспячэння.

Па-другое, хто ж тады падасць прыклад малодшаму пакаленню, падкрэсліць значнасць фінансавай граматнасці, калі не мы.

Надышоў час пазбавіцца ад міфаў - усвядоміць, што ўсё ў нашых руках, і дзейнічаць. Упэўнены, што ў вас усё атрымаецца!