Перад Новым годам мы часта заняты рознымі справамі – прыбрацца ў кватэры, купіць падарункі, прыгатаваць святочны стол, спланаваць паездку. Але не забывайце пра некаторыя важныя фінансавыя справы, выканаўшы якія перад Новым годам, вы падрыхтуеце сябе да надыходзячага бесклапотнага года.

Адкройце ўклад

Часта перад Новым годам банкі прапануюць святочныя ўклады з павышанымі стаўкамі і выгаднымі ўмовамі. Некаторую суму зберажэнняў можна пакласці ў банк: на вашы грошы будуць налічвацца працэнты – гэта дапаможа абараніць вашы зберажэнні ад інфляцыі. Да таго ж, гэта добры спосаб назапасіць на будучую буйную пакупку або адпачынак.

Праверце сваю крэдытную гісторыю

Крэдытная справаздача прадастаўляецца бясплатна адзін раз у каляндарны год. Мы рэкамендуем вам карыстацца гэтым правам і перыядычна яе праглядаць. Атрымаць крэдытную справаздачу можна на сайце Крэдытнага рэгістра (www.creditregister.by). Для гэтага неабходна папярэдне зарэгістравацца ў Міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі (https://ipersonal.raschet.by). Вы таксама можаце звярнуцца асабіста з пашпартам у Нацыянальны банк ці атрымаць дакументы па пошце. Ваша крэдытная справаздача паказвае падрабязную інфармацыю аб вашых крэдытных аперацыях і аб тым, як вы выканалі свае абавязацельствы па іх, хто і калі запытаў вашу крэдытную гісторыю, а таксама ваш "крэдытны рэйтынг". Праверце, ці не закралася памылка ў вашу крэдытную гісторыю, пераканайцеся, што ўсе зробленыя вамі плацяжы былі своечасовымі.

Зрабіце плацяжы загадзя

Аплаціце паслугі ЖКГ, стацыянарны тэлефон, інтэрнэт, папоўніце рахунак мабільнага тэлефона. Праверце наяўнасць запазычанасці па падатках у асабістым кабінеце на сайце Міністэрства па падатках і зборах (https://nalog.gov.by/cabinet), штрафы па лініі ДАІ – на сайце Міністэрства ўнутраных спраў (https://mvd.gov.by). У перадсвяточныя дні лепш уносіць планавыя плацяжы па крэдыце за некалькі дзён да наступлення тэрміну пагашэння.

Аўтаматызуйце плацяжы

Гэтая парада асабліва актуальна для тых, хто ўвесь час прапускае тэрміны плацяжоў па няўважлівасці. У асабістым кабінеце інтэрнэт-банкінгу вы можаце наладзіць аўтаматычную аплату камунальных паслуг ва ўстаноўленыя тэрміны – так вы пазбегнеце налічэння штрафных санкцый. Тое ж самае тычыцца і плацяжоў па крэдыце. Ці хаця б устанавіце напамін на тэлефоне. Дарэчы, назапашванні таксама можна аўтаматызаваць. У настройках інтэрнэт-банка можна, напрыклад, зрабіць так, каб на ваш ашчадны рахунак адлічваліся сумы ў памеры 10% ад кожнага паступлення грошай або фіксаваная сума раз у тыдзень.

Агляд тарыфаў і падпісак

Ці ведаеце вы, якія зараз тарыфы на сотавую сувязь і колькі яны каштуюць? Вы можаце быць здзіўлены, колькі грошай вы плаціце за паслугі, якімі нават не карыстаецеся. Вельмі часта новыя тарыфы аказваюцца таннейшымі, да таго ж яны даюць новыя магчымасці. А карыстаючыся сваім старым тарыфам з новымі магчымасцямі – вы пераплачваеце.

Складзіце фінансавы план на наступны год

Напішыце свой асабісты фінансавы план на наступны год. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, фінансавае планаванне – цікавы і займальны працэс. Стаўце мэты і вызначайце спосабы іх дасягнення. Гэта не толькі захавае ваш бюджэт у парадку, але і дапаможа ўвасобіць мары ў рэальнасць – нават без дапамогі Дзеда Мароза.