Пераможцы штогадовай рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці сярод навучэнцаў X–XI класаў вызначаны 15 снежня 2017 года ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь.

Першае месца па выніках фінальнага этапу алімпіяды заняў Чыгвінцаў Кірыл (сярэдняя школа № 38, г. Гомель). Пераможца атрымаў дыплом I ступені і планшэт у якасці каштоўнага падарунка. Дыпломам II ступені і смартфонам узнагароджана Папруга Алена (Рассветаўская сярэдняя школа, Гомельская вобл.), дыпломам III ступені і фотаапаратам – Сяроў Юрый (сярэдняя школа № 95, г. Мінск).

У 2017 годзе ў алімпіядзе прыняла ўдзел рэкордная колькасць школьнікаў – каля 32 тыс. Пашырыць кола ўдзельнікаў у мерапрыемстве дапамагло ўвядзенне дадатковага пачатковага этапу, да якога далучыліся больш за 2 300 школ, або тры чвэрці з тых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, што дзейнічаюць у Беларусі. Раней алімпіяда праводзілася ў тры этапы (раённы (гарадскі), абласны (Мінскі гарадскі) і рэспубліканскі), а колькасць удзельнікаў, напрыклад у 2016 годзе склала каля 5 тыс.

Рэспубліканская алімпіяда па фінансавай граматнасці сярод навучэнцаў X–XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі праводзіцца Нацыянальным банкам і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь з 2014 года. Алімпіяда з'яўляецца адным з найбольш маштабных нацыянальных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці. Асноўная мэта алімпіяды – папулярызацыя ведаў у галіне фінансаў, фарміраванне ў вучняў практычных навыкаў выкарыстання фінансавых інструментаў, развіццё новых форм прафарыентацыйнай работы.