Рэспубліканская алімпіяда па фінансавай граматнасці сярод навучэнцаў X–XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі пройдзе ў Беларусі ў кастрычніку – снежні 2016 г. Яе арганізатарамі выступілі Міністэрства адукацыі і Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь.

Рэспубліканская алімпіяда па фінансавай граматнасці праходзіць у Беларусі ўжо ў трэці раз і стала за гэты час адным з найбольш маштабных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва. 

Па традыцыі мерапрыемства пройдзе ў тры этапы:

  • раённы (гарадскі) этап адбудзецца 21 кастрычніка,

  • абласны (Мінскі гарадскі) – 23 лістапада,

  • заключны этап (рэспубліканскі) – 16 снежня 2016 г.

Заданні алімпіяды будуць уключаць пытанні ў выглядзе тэстаў з варыянтамі адказаў па шэрагу ключавых тэм: банкаўскай справе, рынку каштоўных папер, страхаванні, падаткаабкладанні і г. д.

У гэтым годзе акцэнт будзе зроблены на такія актуальныя пытанні, як дэнамінацыя беларускага рубля, што нядаўна прайшла, увядзенне адзыўных і безадзыўных укладаў, лічбавы банкінг.

У гэтым годзе акцэнт будзе зроблены на дэнамінацыю, адзыўныя і безадзыўныя уклады, лічбавы банкінг

Парадак правядзення рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці зацверджаны сумеснай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 16 верасня 2016 г. № 490/91.

Алімпіяда праводзіцца з мэтай павышэння фінансавай граматнасці навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Асноўныя задачы алімпіяды:

  • развіццё ў навучэнцаў цікавасці да атрымання фінансавых і эканамічных ведаў;

  • павышэнне эканамічнай і фінансавай граматнасці моладзі;

  • распаўсюджванне і папулярызацыя фінансавых ведаў сярод моладзі;

  • падтрымка здольных маладых людзей.

Інфармацыю аб ходзе правядзення рэспубліканскай алімпіяды можна будзе знайсці на Адзіным інтэрнэт-партале фінансавай граматнасці насельніцтва (www.fingramota.by).