Акцыя – гэта каштоўная папера. Любая каштоўная папера дае яе трымальніку тыя ці іншыя правы. У выпадку з акцыямі такіх правоў адразу некалькі:
- Права на атрыманне часткі прыбытку кампаніі ў выглядзе дывідэндаў. Гэта азначае, што ўладальнікі акцый кампаніі могуць перыядычна атрымліваць прыбытак – калі кампанія працуе з прыбыткам.
- Права на атрыманне часткі маёмасці кампаніі ў выпадку яе ліквідацыі. У прынцыпе, купля акцыі азначае, што вы зрабілі ўклад у статутны капітал арганізацыі. І калі яна ліквідуецца – напрыклад, па прычыне банкруцтва – вам вернецца пэўная частка грошай прапарцыйна зробленаму вамі ўнёску.
- У некаторых выпадках акцыя дае яе трымальніку права ўдзельнічаць у кіраванні кампаніяй, у прыняцці кіраўнічых рашэнняў. Але для гэтага, як правіла, неабходна быць уладальнікам акцый пэўнага віду і выкупіць значную долю выпушчаных акцый.
Кампанія, якая выпусціла акцыю, называецца «эмітэнт». А інвестар, які купіў акцыю, становіцца акцыянерам кампаніі. Інвестар з невялікім пакетам акцый называецца «мiнарытарый» і не мае права ўдзельнічаць у кіраванні кампаніяй, але дывідэнды яму ў любым выпадку прадугледжаны.
Як зарабляць на акцыях
Iснуе два асноўных спосабы атрымання прыбытку за кошт акцый:
- Выплата дывідэндаў. Калі кампанія-эмітэнт працуе паспяхова і атрымлівае прыбытак – кожны з акцыянераў мае права на атрыманне часткі гэтага прыбытку прапарцыйна зробленаму ўнёску. Гэта значыць, чым больш акцый вы купілі, тым больш могуць быць і выплаты, але ёсць важны нюанс: калі кампанія не атрымлівае прыбытку – то і дывідэнды акцыянерам не прадугледжаны.
- Рост рыначнага кошту акцый. Кожная акцыя мае сваю намінальную цану, яна можа быць абсалютна любая: хоць 1 рубель, хоць 1000 рублёў – гэта залежыць ад памеру статутнага капіталу, колькасці эміцiраваных папер і некаторых іншых абставінаў. Пры гэтым рынкавы кошт пастаянна змяняецца ў залежнасці ад попыту і прапановы. Калі кампанія працуе паспяхова, атрымлівае высокi прыбытак і мае добрыя перспектывы для далейшага росту і развіцця – попыт на акцыі будзе высокім, і яны будуць даражаць. Калі кампанія не можа пахваліцца высокім прыбыткам і добрымі перспектывамі – акцыі могуць патаннець.
Такім чынам, акцыянер можа атрымаць дадатковы прыбытак, купіўшы акцыю танней і потым прадаўшы даражэй. Але можа быць і страта, калі да моманту продажу паперы патаннеюць. Такім чынам, у абодвух выпадках даход па акцыях не гарантаваны. А пры неспрыяльным збегу абставінаў інвестар можа нават атрымаць страту.
Фондавы рынак
Рынак, на якім адбываецца абарот акцый, называецца фондавым. Купляць і прадаваць каштоўныя паперы можна як на спецыяльна арганізаванай пляцоўцы – фондавай біржы, так і па-за біржай. У Беларусі дзейнічае Беларуская валютна-фондавая біржа (БВФБ). Там прадаюцца і купляюцца каштоўныя паперы, выпушчаныя беларускімі кампаніямі.
Купіць акцыі на БВФБ можна праз брокерскую кампанію. Для гэтага неабходна адкрыць рахунак «дэпо» у любым дэпазітарыі Беларусі і падпісаць некаторыя дакументы – напрыклад, заяву аб далучэнні да «Пагаднення аб прадастаўленні брокерскай кампаніяй паслуг па брокерскаму абслугоўванню на рынку каштоўных папер» або дакументы, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць удзельніка фінансавай аперацыі. Разабрацца з гэтым вам дапамогуць супрацоўнікі брокерскай кампаніі. Брокеры за свае паслугі бяруць плату, як правіла, гэта пэўны працэнт ад сумы кожнай здзелкі. Яны таксама могуць аказваць кансультацыі. Але ўсе рашэнні аб куплі і продажу прымае сам інвестар.
Беларускія інвестары могуць атрымаць доступ і да папер замежных кампаній. Для гэтага трэба скарыстацца паслугай банкаўскага давернага ўпраўлення. У дадзеным выпадку банк выступіць пасярэднікам паміж прыватнай асобай і замежнай біржавай пляцоўкай і дапаможа ажыццявіць усе неабходныя працэдуры.