Інфляцыя – гэта павышэнне агульнага ўзроўню цэн на тавары і паслугі. Калі адной сумы грошай з часам хапае на ўсё меншую колькасць пакупак.
Афіцыйную інфляцыю ў нашай краіне лічыць дзяржаўная служба па зборы статыстычнай інфармацыі – Белстат. Параўноўваючы бягучыя цэны з мінулымі, Белстат разлічвае тэмпы іх прыросту і так вызначае працэнт інфляцыі.
Гэты паказчык разлічваецца асобна для розных катэгорый тавараў і паслуг і розных рэгіёнаў. Статыстыку аб цэнах збіраюць у 31 горадзе нашай краіны. Гэта Мінск, абласныя цэнтры, а таксама малыя і сярэднія гарады па ўсёй Беларусі. У кожным з іх вызначаецца некалькі розных гандлёвых аб'ектаў, за цэнамі якіх будуць назіраць. Пасля збору і падліку статыстыкі для кожнага горада і кожнай катэгорыі тавараў ўсе атрыманыя паказчыкі складаюцца, і Белстат падлічвае сярэднюю інфляцыю ў краіне.
Інфляцыя - гэта добра ці дрэнна?
Высокая інфляцыя, вядома, небяспечна для грамадства. Абясцэньванне даходаў зніжае ўзровень жыцця насельніцтва, падрывае стымул рабіць фінансавыя зберажэнні. Нявызначанасць адносна будучых коштаў абцяжарвае доўгатэрміновае планаванне для бізнесу, зніжае дзелавую актыўнасць, скарачае аб'ёмы вытворчасці і колькасць працуючых грамадзян.
Тым не менш, поўная адсутнасць інфляцыі і дэфляцыя (зніжэнне коштаў, працэс супрацьлеглы інфляцыі) таксама небяспечныя для эканомікі. Калі цэны на тавары не растуць або зніжаюцца, спажыўцы пачынаюць адкладаць пакупкі, спадзеючыся з часам набыць рэч яшчэ танней. У выніку вытворчасць недаатрымлівае грошы, перастае развівацца, прадпрыемствы не наймаюць новы персанал. А калі няма працы, у людзей няма і грошай, што змушае іх яшчэ больш эканоміць, а эканоміка краіны з-за гэтага пакутуе.
Пад цэнавай стабільнасцю разумеецца ўмераны рост спажывецкіх цэнаў, а не іх нязменнасць. Вынікі даследаванняў паказваюць, што сярэднегадавыя параметры інфляцыі ў дыяпазоне 1 - 5 працэнтаў забяспечваюць лепшыя ўмовы для эканамічнага росту. Таму галоўнае, каб паказчык інфляцыі быў на невялікім узроўні, паддаваўся прагнозу і дазваляў будаваць рэальныя эканамічныя планы.
У чым прычыны інфляцыі
На рост ўзроўню інфляцыі ўплывае шмат фактараў:
• празмерная эмісія грошай,
• скарачэнне паступленняў ад знешняга гандлю,
• павышэнне выдаткаў вытворчасці,
• манапалізм,
• высокі ўзровень падаткаў,
• ажыятажны попыт на нейкія тавары,
• негатыўныя чаканні спажыўцоў.
Вось крыху гісторыі. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны Германія павінна была выплачваць рэпарацыі краінам-пераможцам у замежнай валюце. З гэтай мэтай урад выкарыстаў інтэнсіўны выпуск папяровых грошай. Да 1920 года іх колькасць у абарачэнні ўзрасла ў 25 разоў, і інфляцыя прыняла астранамічныя маштабы. З нядаўніх прыкладаў: у 90-х гадах ХХ стагоддзя ў Югаславіі быў зафіксаваны адзін з самых высокіх узроўняў гіперінфляцыі – 5 квінцільёнаў працэнтаў у месяц (1 квінцільёнаў – гэта адзінка з 18 нулямі). Гэта было выклікана дэфіцытам бюджэту і велізарнымі знешнімі пазыкамі краіны. У перыяд з 1 кастрычніка 1993 года па 24 студзеня 1994 года цэны ў гэтай краіне падвойваліся ў сярэднім кожныя 16 гадзін.
Роля цэнтральнага банка
У большасці краін за цэнавую стабільнасць адказвае цэнтральны банк. Ён вызначае, колькі грошай павінна быць у эканоміцы, які іх кошт і толькі ён мае права іх эмітаваць.
Для дасягнення нізкай інфляцыі Цэнтральны банк выкарыстоўвае розныя грашова-крэдытныя інструменты. Асноўны з іх – стаўка рэфінансавання. З дапамогай змены яе велічыні Цэнтральны банк задае кошт грошай для банкаў і тым самым вызначае стаўкі па крэдытах і дэпазітах.
Цэнтральны банк пастаянна адсочвае эканамічную сітуацыю ў краіне, знешнеэканамічныя ўмовы, рост коштаў, актыўнасць прадпрыемстваў, курс нацыянальнай валюты да замежных валют і многае іншае. На падставе ацэнкі гэтых фактараў ён будуе прагнозы і вырашае, якім спосабам карэктаваць інфляцыю ў дадзены момант.
Мэта па ўзроўні інфляцыі ў нашай краіне штогод устанаўліваецца ў Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі, якія зацвярджаюцца кіраўніком дзяржавы.