Сучасная рэальнасць практычна не пакідае нам магчымасці пражыць хаця б дзень без пакупкі. Аднак часам пакупкі не абмяжоўваюцца толькі патрэбнымі рэчамі. Часта нашы набыткi спантанныя, празмерныя і нерацыянальныя. Нам не трэба столькі, колькі мы купляем кожны дзень, але мала хто пра гэта задумваецца. Калі чалавек гэта разумее, то пачынае мяняць паводзiны і спажывецкія звычкі.
Як жа адмовіцца ад непатрэбных пакупак і рэчаў?
Рабіце выбар свядома
Імпульсіўныя, эмацыйныя пакупкі, гэта значыць тыя, якія мы не планавалі, часцей за ўсё мы робім дзеля прыемных эмоцый. Але ўсё не так проста. Такія пакупкі на некаторы час павялічваюць узровень гармонаў радасці ў нашым арганізме. Мы шчаслiвыя ў краме, калі выбіраем і купляем тавар, а дома дакараем сябе за дадатковыя траты і ламаем галаву, куды пакласці ці павесіць чарговую непатрэбную рэч. Да таго ж застаемся яшчэ і без грошай, якія маглі б расходаваць на нешта больш карыснае. Важна разумець, што імпульсіўная купля – гэта шлях да набыцця шкоднай звычкі або нават залежнасці. Таму перад тым, як нешта купіць, трэба спыніцца і падумаць, што з намі адбываецца (магчыма, нам самотна, мы ў гэты момант сумуем, стаміліся ці трапілі пад уплыў маркетынгавых хітрыкаў). Такім чынам, мы можам у большай ступені кантраляваць сітуацыю і ўплываць на яе, каб пасля пакупкі не атрымаць яшчэ больш непрыемных эмоцый, чым да яе.
Калі вы схільныя рабіць імпульсіўныя пакупкі, ведайце, што трацiць грошы разумна можна навучыцца. Чым часцей вы прымаеце рацыянальныя рашэнні, тым хутчэй гэта стане для вас звычкай. Самыя простыя спосабы барацьбы з імпульсіўнымі тратамi гэта: па-першае, хадзіць у краму з загадзя складзеным спісам пакупак; па-другое, перанесці куплю на некалькі дзён; па-трэцяе, падчас куплi думаць пра сваю рэальную неабходнасць ў ёй незалежна ад наяўнасці акцыі або зніжкі. Таксама мэтазгодна ўстанавiць абмежаванні на грашовыя траты (напрыклад, на нейкі перыяд або віды пакупак), а яшчэ не насіць з сабой пастаянна вялікія сумы грошай, крэдытныя карты і карты растэрміновак, каб не карыстацца імі на эмоцыях.
На самой справе няправільна зусім адмаўляцца ад таго, што робіць наша жыццё радасным і прыемным, трэба знайсці залатую сярэдзіну, дзе вы можаце і радаваць сябе пакупкамі, і кантраляваць сітуацыю. Для гэтага заплануйце ў бюджэце катэгорыю расходаў "для душы". Вылучыце частку даходу на рэчы і досвед, якія не маюць першаснага значэння, але прыносяць вам задавальненне. Так вы не паставіце пад пагрозу сваю фінансавую стабільнасць, а таксама не атрымаеце віну за такія расходы.
Правядзіце інвентарызацыю
Часта з-за няправільнай сістэмы захоўвання мы не памятаем, якімі рэчамі валодаем на самой справе. Для таго каб ацаніць уласныя "запасы", неабходна час ад часу праводзіць іх рэвізію, каб не атрымалася так, што вы набылі тое, што ў вас ужо ёсць. "Новае – гэта добра забытае старое", – гаворыцца ў вядомай прымаўцы. Магчыма, даўно забытыя ў шафе рэчы прынясуць не менш пазітыву і задавальнення, чым новыя. Разгледзьце магчымасць аднаўлення старых рэчаў: гэта больш танна і экалагічна. Усё гэта дапаможа зэканоміць сродкi і вызваліць месца ў доме, шафе, на працоўным стале, а разам з тым ва ўласных думках.
Будзьце сучаснымі
Сучасныя тэхналогіі зрабілі працэс куплі больш простым і зручным. Гандлёвыя анлайн-пляцоўкі і дастаўка да парога дазваляюць не трацiць шмат часу, каб нешта набыць. Аднак празмернае спажыванне нельга назваць сучаснай тэндэнцыяй, гэта не ў трэндзе i не модна!
Цяпер пакупнікі больш адказна падыходзяць да выбару прадукцыі, падтрымліваюць экалагічныя вытворчасцi і адмаўляюцца ад шкодных тэхналогій. Экапакеты, натуральная касметыка, крафтавыя напоі, папяровыя трубачкі і шклянкі, адмова ад пластыкавага аднаразовага посуду – гэта толькі некалькі прыкладаў вялікага экалагічнага кірунку.
Такія актуальныя экалагічныя рухi, як мінімалізм (філасофія, якая сцвярджае, што толькі невялiкая колькасць рэчаў сапраўды важная для чалавека), апсайклiнг (працэс творчай перапрацоўкі рэчы), дараноміка (калі людзі ў супольнасці бескарысліва аддаюць адзін аднаму рэчы або бясплатна аказваюць паслугі) і іншыя, дазваляюць нам не адставаць ад апошніх павеваў і ісці ў нагу з часам.Усвядомленае спажыванне – гэта разумная трата сродкаў, захаванне балансу кошт якасць і атрыманне задавальнення ад зробленай пакупкі ў доўгатэрміновай перспектыве.
Магчыма, пераход на адказнае спажыванне дазволiць не толькi пазбавiцца ад шкоднай звычкі празмерных пакупак і набыцця непатрэбных рэчаў, але і дапаможа зрабіць свет чысцейшым і лепшым.