Часта можна сутыкнуцца з сітуацыяй, калі пры куплі цана на тавары ці паслугі змяняецца ў залежнасці ад часу, а больш дакладна ад колькасці людзей, якія захочуць скарыстацца прапановай у дадзены момант.
У гэтым артыкуле мы раскажам, чаму можна заплаціць розную цану за адзін і той жа тавар ці паслугу, дзе сустракаецца дынамічнае цэнаўтварэнне, як яно можа дапамагчы сэканоміць грошы і што трэба ўлічваць, каб не пралічыцца. Даведайцеся, як правільна выбіраць час для пакупак і якія хітрыкі могуць дапамагчы вам атрымаць лепшыя прапановы.
Што такое дынамічнае цэнаўтварэнне
Пры дынамічным цэнаўтварэнні цана на тавар ці паслугу вызначаецца на аснове розных фактараў, якiя ўведзены ў сістэму. Пры фарміраванні цаны могуць улічвацца такія параметры, як сезоннасць, дзень тыдня або асаблівыя падзеі і многія іншыя фактары. Пры дапамозе дынамічнага цэнаўтварэння прадаўцы імкнуцца павялічыць свой прыбытак у перыяды вялікага попыту на сваю прадукцыю і прыцягнуць больш пакупнікоў падчас яго зніжэння праз паніжэнне цаны. Напрыклад, у дадатку сэрвісу таксі кошт перавозкі будзе больш у гадзіны пік, у выхадныя і святочныя дні, а ўдзень у будныя дні цана на паездку будзе значна ніжэй.
Дзе ўжываецца дынамічнае цэнаўтварэнне
У некаторых галінах дынамічнае цэнаўтварэнне стала стандартам, асабліва там, дзе паслугі прывязаны да канкрэтных дат і часу, напрыклад, у турызме, авія-, чыгуначных і аўтобусных перавозках, рэалізацыі білетаў на забаўляльныя мерапрыемствы. Акрамя таго, дынамічнае цэнаўтварэнне часта выкарыстоўваецца ў анлайн-сэрвісах дастаўкі, службах таксі і арэнды аўтамабіляў.
Напрыклад, сэрвісы дастаўкі ежы павялічваюць яе кошт у перыяды высокага попыту, такія як выхадныя або святочныя, а таксама дажджлівыя дні. Гэта дазваляе хутчэй дастаўляць прадукты тым, хто гатовы плаціць больш, і зніжаць цану для тых, хто можа пачакаць. Авіякампаніі могуць зніжаць цэны на менш папулярныя рэйсы або незапоўненыя самалёты для стымулявання продажу. Самалёт усё роўна ўзляціць, нават калі ў ім ёсць свабодныя месцы. Але кожнае пустое месца – гэта страчаныя грошы для авіякампаніі. Лепш, каб пасажыр заплаціў хоць нешта, хай нават менш за звычайную цану.
Рознічныя крамы таксама часта карэкціруюць цэны ў залежнасці ад часу сутак або дня тыдня, каб прыцягнуць больш пакупнікоў у перыяды нізкай актыўнасці. У большасцi гэта датычыцца анлайн-крам, чым традыцыйных, у якiх цэны звычайна ўсталёўваюцца на больш працяглы тэрмін і іх больш складана мяняць. Маркетплэйсы эфектыўна выкарыстоўваюць дынамічнае цэнаўтварэнне ў залежнасці ад часу сутак, попыту і прапановы, запасаў тавараў на складах, а таксама цэн канкурэнтаў.
У будаўніцтве і нерухомасці дынамічнае цэнаўтварэнне таксама дапамагае кіраваць цэнамі. Яно ўлічвае мноства фактараў, якiя ўключаюць сезоннасць і ваганні валютных курсаў, і дазваляе своечасова карэкціраваць цэнавыя прапановы. Напрыклад, калі вокны кватэры выходзяць на магістраль, цана можа быць зніжана для прыцягнення пакупнікоў, якія жадаюць набыць жыллё па больш нізкай цане. Калі вокны дома выходзяць на двор, цана будзе вышэй.
Цэнавая дыскрымінацыя
Дынамічнае цэнаўтварэнне ўлічвае не толькі цэны канкурэнтаў, сезон, час сутак і попыт. Гандлёвыя сайты таксама могуць усталёўваць цэны на аснове асабістай інфармацыі пра пакупніка, напрыклад, пра яго мінулыя пакупкі або гісторыі браўзэра. Службы дастаўкі або таксі выкарыстоўваюць розныя цэны для розных геаграфічных зон. Такая з'ява называецца цанавой дыскрымінацыяй.
Гэта можа мець як плюсы, так і мінусы для пакупнікоў. Напрыклад, сайт можа "заўважыць", што кліент часта праглядае адзін і той жа тавар, і знізіць цану, каб стымуляваць пакупку. З іншага боку, калі пакупнік часта купляе дарагія тавары, сайт можа прапаноўваць яму больш высокую цану або дарагія тавары, мяркуючы, што ён гатовы заплаціць больш. Варта ўлічваць гэта пры пакупках у iнтэрнэце.
Як выгадна выкарыстоўваць дынамічнае цэнаўтварэнне
Дынамічнае цэнаўтварэнне – гэта падыход, які дапамагае прадаўцам прадбачыць змены ў попыце і паводзінах кліентаў, робячы працэс куплі тавараў альбо паслуг больш гнуткім і выгадным для абодвух бакоў. Дык на чым жа можа сэканоміць спажывец?
Купляйце квіткі загадзя. Многія чыгуначныя, аўтобусныя і авіяперавозчыкі істотна павышаюць цэны, калі час набліжаецца да даты выезду або вылету. Гэта не датычыцца «гарачых» квіткоў або тураў непасрэдна перад паездкай або мерапрыемствам – гэты час таксама падыдзе для эканоміі.
Рабіце пакупкі ў «нестандартныя» дні і гадзіны. Плануйце паездкі і адпачынак не ў «сезон»: калі падарожнічаць вясной ці восенню, не выязджаць у пятніцу і не вяртацца ў нядзелю, то можна істотна сэканоміць. Рабіце пакупкі, калі ў крамах менш людзей: у будныя дні або па раніцах, – вы можаце заўважыць, што ў пэўных крамах у гэты час тавары ці паслугі таннейшыя.
Разгледзьце «нязручныя» варыянты. Калі вам не прынцыпова, куды будуць выходзіць вокны апартаментаў у паездцы – на двор або на вуліцу, выбірайце варыянты, якія не карыстаюцца папулярнасцю ў іншых пакупнікоў. Гэта нядрэнны спосаб істотна сэканоміць.
Выкарыстоўвайце розныя браўзеры. Часам можна выявіць, што цэны адрозніваюцца ў залежнасці ад таго, які вэб-браўзер выкарыстоўваецца. Паспрабуйце таксама выкарыстоўваць «прыватны» рэжым, каб файлы cookie не перадаваліся прадаўцам. Гэта дапаможа ўбачыць цэны, якія прадавец прапануе, калi не ведае, хто вы.
Пакідайце тавар у кошыку. Калі вы часта купляеце анлайн, то, магчыма, заўважылі, што некаторыя прадаўцы зніжаюць кошт на 10-15%, калі вы пакідаеце тавар у кошыку на некалькі дзён. Гэта можа быць карысным спосабам атрымаць зніжку.
Заявiце аб зніжэнні цаны. Калі вы купілі тавар, а праз пару дзён ён патаннеў, не саромейцеся паведаміць пра гэта. Некаторыя крамы вернуць розніцу ў цане, калі тавар стаў таннейшым на працягу некалькіх дзён ці тыдняў пасля пакупкі. Гэта робіцца, каб не губляць кліентаў, якія могуць вярнуць тавар і купіць яго зноў па зніжанай цане.
Такім чынам, дынамічнае цэнаўтварэнне – гэта метад усталявання гнуткіх цэн на тавары. У адрозненне ад звыклага нам статычнага цэнаўтварэння, пры якім цэны ўсталёўваюцца фіксавана, дынамічнае цэнаўтварэнне дазваляе кампаніям карэкціраваць цэны ў рэжыме рэальнага часу, улічваючы такія фактары, як попыт, прапанова, сезоннасць, канкурэнцыя, час сутак, а спажыўцам дае магчымасць сэканоміць і здзейсніць пакупку з выгадай.