Фінансавыя махляры, якія вымантачваюць грошы ў людзей, звычайна не дзейнічаюць сам-насам. Зламыснікі могуць далучаць моладзь і падлеткаў у злачынныя схемы з банкаўскімі карткамі. Напрыклад, вам могуць прапанаваць зарабіць грошы, калі пададзіце даныя сваёй карты. На яе пераводзяць грошы, вы іх абнаяўліваеце і камусьці перадаеце. Майце на ўвазе, калі прымаеце такую прапанову, − вы становіцеся саўдзельнікам злачынства!

Хто такія дроперы

Падстаўных людзей, якія дзейнічаюць у нелегальных схемах па вывядзенні сродкаў з банкаўскіх карт, называюць дропамі або дроперамі.

Махляры выкарыстоўваюць дропераў, па-першае, каб не выдаць сябе і не быць пакаранымі. Па-другое, каб стварыць заблытаны ланцужок пераводаў і схаваць факт злачынства. Для яго стварэння яны не абмяжоўваюцца выкарыстаннем толькі адной банкаўскай карты, а могуць выкарыстоўваць не адзін дзесятак карт розных банкаў і тэлефонных нумароў. Часам дроперы адкрываюць прэміяльныя карты, таму што па іх прадугледжаны шэраг ільгот і прывілеяў, напрыклад, павялічаныя ліміты па зняцці наяўных грошай у банкаматах, што спрыяе ім у такой незаконнай дзейнасці.

Як выкарыстоўваюць дропераў

Самы распаўсюджаны варыянт выкарыстання падстаўной асобы –перавод сродкаў на яе банкаўскую карту і наступнае зняцце іх праз банкамат за азначанае ўзнагароджанне. Ці, наадварот, атрыманыя наяўныя грошы дропер павінен унесці на свой банкаўскі рахунак для далейшага пералічэння на іншы рахунак. Часта падстаўным асобам прапануюць аформіць на сябе банкаўскую карту, а потым перадаць яе рэквізіты і інфармацыю для доступу да інтэрнэт-банкінгу махлярам.

Як можна «папасціся на вуду»

Часцей за ўсё патэнцыяльных дропераў шукаюць на сайтах, у телеграм-каналах і мэсанджарах, якія прысвечаны пошуку працы або падпрацоўцы. Махляры могуць адгукнуцца на вашу аб’яву альбо размясціць сваю. Такія аб’явы могуць расклейвацца на слупах, выкладацца ў чатах і супольнасцях. Выконваць «паслугі» дропера часта прапануюць студэнтам, пенсіянерам, малазабяспечаным і нават школьнікам, у якіх ёсць банкаўская карта. Махляры пад выглядам работадаўцы падкупляюць прапановай лёгкага і хуткага заробку.

Махляры могуць папрасіць за ўзнагароджанне аформіць на сябе акрамя банкаўскай карты яшчэ і тэлефонную сім-карту, на якую будуць прыходзіць смс-паведамленні ад банка для пацверджання транзакцый.

У некаторых выпадках чалавек нават не падазрае, што яго выкарыстоўваюць у якасці дропера. Напрыклад, вы можаце паведаміць свае канфідэнцыйныя даныя, калі думаеце, што праходзіце праверку дакументаў пры прыёме на працу. Або ад імя банка Вам можа паступіць прапанова аформіць банкаўскую карту, а потым перадаць яе каму-небудзь за ўзнагароджанне. Але часам чалавек усведамляе, што здзяйсняе незаконныя дзеянні. Напрыклад, махляры плацяць ужо існуючым дроперам за тое, што яны прыводзяць сяброў – новых патэнцыяльных дропераў. Памятайце, што, калі далучаецеся да такой схемы, можаце зарабіць не грошы, але і  крымінальную адказнасць!

Як сябе засцерагчы

Нават калі чалавек не падазрае, што яго ўцягнулі ў незаконную дзейнасць, ён усё роўна становіцца саўдзельнікам злачынства. Каб сябе засцерагчы, абавязкова выконвайце наступныя правілы:

- ні ў якім разе не згаджайцеся пераводзіць чужыя грошы за плату або абнаяўліваць іх у банкамаце;

- ніколі не заводзьце банкаўскую карту або сім-карту для кагосьці іншага (нават для вельмі блізкага знаёмага);

- не перадавайце даныя сваіх банкаўскіх картак і дакументаў, нікому не паведамляйце паролі ад мабільнага або інтэрнэт-банкінгу ў перапісцы;

- не згаджайцеся на прапановы лёгкага заробку ад незнаёмцаў у інтэрнэце, асабліва, калі заробак звязаны з пераводам грошай;

- звяртайце ўвагу на тое, што будучым дроперам звычайна прапануюць асаблівыя, прывабныя ўмовы пры прыёме на працу.

Напрыклад, прапановы ад махляроў могуць мець наступныя асаблівасці: адсутнасць патрабаванняў да вопыту і адукацыі, поўная аддаленая занятасць, неафіцыйнае працаўладкаванне без афармлення дакументаў і г.д. Калі прапанова работадаўцы мае ўсе гэтыя асаблівасці, праца звязана з пераводам ці атрыманнем наяўных грашовых сродкаў, і не агаворваецца хоць бы прыкладны заробак або, наадварот,  прапануецца несуразмерна вялікі за пару гадзін, хутчэй за ўсё, вам прапануюць заняцца якой-небудзь незаконнай дзейнасцю.

 

Махляры выкарыстоўваюць дропераў для ўтойвання злачынстваў. Будзьце ўважлівыя: не абнаяўлівайце чужыя грошы, не перадавайце рэквізіты карт, пазбягайце прапаноў лёгкага заробку. Выконвайце правілы бяспекі, каб не быць замяшанымі ў нелегальнай дзейнасці. Не дайце сябе падставіць, не станавіцеся саўдзельнікамі злачынства!