Фінансавая граматнасць – гэта базавая кампетэнцыя любога сучаснага чалавека.

Магчымасці інвеставання, зберажэння, крэдытавання велізарны, і чалавеку, які не разбіраецца ў гэтых пытаннях, складана вызначыць, на што яму трэба звяртаць увагу пры карыстанні фінансавымі інструментамі, і як высветліць, якія магчымасці з'яўляюцца лепшым выбарам асабіста для яго. Менавіта фінансавая граматнасць дапамагае чалавеку рэалізаваць свае мэты і планаваць будучыню.

 

Што ж такое фінансавая граматнасць і з чаго яна складаецца? Фінансавая граматнасць чалавека складаецца з яго ведаў у галіне фінансаў, адносін і ўстановак, а таксама паводзін у сферы кіравання асабістымі фінансамі.

 

Фінансавыя веды і навыкі

 

Веды фінансава граматнага чалавека павінны ўключаць хаця б мінімальнае ўяўленне аб прынцыпах работы фінансавага рынку, функцыях фінансавых інстытутаў, фінансавых паслугах, узаемасувязі рызыкі і даходнасці, працэнтных стаўках на фінансавым рынку, узроўні інфляцыі; навыкі вядзення асабістага бюджэту, выкарыстання лічбавых фінансавых тэхналогій і процідзеяння махлярству, а таксама валоданне элементарным фінансавым слоўнікам і інш.

 

Ці ведаеце вы, напрыклад, што такое інфляцыя, інвестыцыі, дыверсіфікацыя фінансавых рызык? Ці можаце палічыць, які дэпазіт больш выгадны для зберажэння грошай? Як скарыстацца падатковымі ільготамі або застрахаваць грамадзянскую адказнасць?

 

Калі вы не ўпэўнены ў сваіх адказах на гэтыя пытанні, то хутчэй за ўсё вам трэба ліквідаваць прабелы ў галіне сваёй фінансавай граматнасці.

 

Для папаўнення ведаў можна звярнуцца да вялікай колькасці адукацыйных і інфармацыйных матэрыялаў, размешчаных на нашым партале. Тут вы знойдзеце тэарэтычныя артыкулы, кнігі, брашуры, эканамічны слоўнік, прэзентацыі і нават навучальныя гульні па фінансавай тэматыцы. Выкарыстоўвайце гэтую магчымасць!

 

Устаноўкі і стаўленне

 

Для павышэння ўзроўню фінансавай граматнасці вельмі важна мець пазітыўныя, "правільныя" ўстаноўкі ў сферы фінансаў, сапраўдныя меркаванні аб фінансавых прадуктах і паслугах, а таксама матывацыю прымяняць існуючыя веды ў рэальным жыцці.

 

Упэўненасць у тым, што фінансавыя веды і іх прымяненне дапамогуць палепшыць свой дабрабыт, стварае матывацыю для іх набыцця і паляпшэння.

 

Ці згодны вы з тым, што любому чалавеку трэба кантраляваць і планаваць свае фінансавыя паступленні? Ці падзяляеце вы меркаванне аб тым, што лічбавыя тэхналогіі робяць выкарыстанне фінансавых прадуктаў і паслуг больш простым і зручным? Менавіта такія ўстаноўкі ў значнай меры прадвызначаюць нашы стратэгіі паводзін у фінансавай сферы.

 

Псіхолагі сыходзяцца ў меркаванні, што нашы суб'ектыўныя перакананні пра грошы і іх ролю ў жыцці фарміруюцца яшчэ з дзяцінства. Менавіта сям'я адыгрывае ключавую ролю ў навучанні фінансавай граматнасці дзяцей. Бацькі могуць з'яўляцца ўзорам і паказваць, як разумна распараджацца грашыма, дзяліцца вопытам і даваць пазітыўны прыклад. Калі бацька ўспрымае грошы як сродак дасягнення мэт, а не як прычыну турботы або непрыемнасцей, тады і дзіця пераймае гэтую ж устаноўку.

 

Дарослым жа для фарміравання пазітыўнага стаўлення да фінансаў карысна знаходзіцца ў асяроддзі людзей, якія таксама імкнуцца да фінансавага дабрабыту і могуць падзяліцца сваімі ведамі. Стаўленне ж да грошай адыгрывае галоўную ролю ў іх наяўнасці.

 

Фінансавыя паводзіны

 

Каб стаць фінансава граматным, мала вывучаць тэорыю. Трэба прымяняць веды на практыцы і ўкараняць змены ў сваё жыццё. Усе веды, якімі валодае чалавек, будуць карыснымі толькі тады, калі ён іх прымяняе. Фінансава граматныя паводзіны – гэта і ёсць вынік высокага ўзроўню ведаў і пазітыўных установак. Не трэба чакаць зручнага моманту, каб прымяняць свае веды па фінансавай граматнасці на практыцы – проста пачніце дзейнічаць непасрэдна сёння.

 

Даведаліся пра неабходнасць вядзення асабістага бюджэту? Усталюйце дадатак на смартфон і пачніце весці яго адразу ж. Зразумелі, што больш выгадна пакласці грошы на дэпазіт, чым трымаць дома? Параўнайце прапановы банкаў, выберыце тое, што падыходзіць менавіта вам і адкрыйце ўклад (дарэчы, гэта можна зрабіць нават без наведвання банка). Кажыце «не» бяздумным тратам, якія часта пакідаюць дзірку ў вашым асабістым бюджэце. Стварыце фінансавую падушку бяспекі, яна абароніць вас ад форс-мажору і дазволіць не патрапіць у цяжкую сітуацыю. Уважліва чытайце фінансавыя дагаворы перад іх падпісаннем, так вы захаваеце сябе ад непрыемных сюрпрызаў у будучыні. Навучыцеся правільна фармуляваць свае патрэбы пры звароце ў фінансавыя ўстановы і выбіраць найбольш аптымальны, адпаведны ўласным патрэбам варыянт. Спрабуйце розныя фінансавыя інструменты і рацыянальна кіруйце запазычанасцю. Калі вы ўкараніце хаця б адну з вышэйпералічаных звычак, ваша жыццё і фінансы пачнуць мяняцца ў лепшы бок.

 

Стаць фінансава граматным не складана, але патрабуе некаторых выдаткаў часу і самадысцыпліны. Выкарыстоўвайце фінансавыя веды ў паўсядзённым жыцці і рабіце высновы. Гэта дазволіць выявіць найбольш эфектыўныя стратэгіі менавіта для вас і сферы, у якіх патрабуецца дадатковае развіццё вашых уменняў.