У гэтым артыкуле мы паспрабуем растлумачыць некалькі фінансавых паняццяў, якія выкарыстоўвае Нацыянальны банк, калі раскрывае інфармацыю пра свае рашэнні і сітуацыі ў фінансавай сферы.

У эканамічных і фінансавых навінах нам сустракаюцца спецыяльныя тэрміны. Непадрыхтаванаму чалавеку часам бывае складана разабрацца, што значыць той ці іншы тэрмін.

Такім чынам…

"Разліковыя велічыні стандартнай рызыкі"

 

Нацыянальны банк рэгулярна паведамляе, што разліковыя велічыні стандартнай рызыкі знізіліся, павысіліся альбо засталіся на ранейшым узроўні. Што гэта за велічыні і якія высновы можа зрабіць чалавек на аснове гэтай інфармацыі?

 

Для стабільнай работы банкаўскай сістэмы Нацыянальны банк устанаўлівае розныя правілы і прымяняе розныя інструменты. Напрыклад, каб не дапускаць занадта рызыкоўных паводзін банкаў (у прыватнасці, выдачы крэдытаў пад вельмі высокія працэнты), якія б перадаліся астатнім банкам, а таксама для стабільнасці і надзейнасці банкаўскай сістэмы выкарыстоўваюцца разліковыя велічыні стандартнай рызыкі (РВСР). Каб вызначыць, якія банкі рызыкуюць больш, Нацбанк сочыць за тым, якія працэнты па крэдытах яны прапануюць. Калі гэтыя працэнты вышэй пэўнага (стандартнага) узроўню рызыкі, які разлічваецца не менш, чым адзін раз на тры месяцы (а па сталай практыцы – штомесяц), гэта лічыцца прыкметай высокай рызыкі. Стандартны ўзровень рызыкі разлічваецца на аснове сярэдніх працэнтных ставак, якія ўстанаўліваюць найбуйнейшыя банкі краіны.

 

РСВР – гэта своеасаблівы сігнальны ўзровень банкам аб узроўні ставак, перавышэнне якога, на думку Нацыянальнага банка, будзе занадта рызыкоўным. Акрамя гэтага, калі банк вырашыць устанавіць стаўкі вышэй РСВР, то ён будзе абавязаным мець больш грошай у запасе на выпадак страт – ствараць спецыяльныя фонды для іх пакрыцця, што ў абсалютнай большасці выпадкаў абнуліць выгаду банка.

 

Таму, калі вы чуеце, што "праўленне Нацыянальнага банка пакінула на ранейшым узроўні разліковыя велічыні стандартнай рызыкі", гэта значыць, што для банкаў няма падстаў павышаць стаўкі ў найбліжэйшы час.

 

"Кошык валют"

 

Часам мы чуем інфармацыю аб "кошыку валют" і зменах яго кошту. Што за валюты "складае" ў "кошык" Нацыянальны банк і ад чаго залежыць яго кошт? І што гэта можа значыць для звычайнага чалавека.

 

Кошык валют – гэта інструмент ацэнкі кошту беларускага рубля да валют іншых краін. Гэты інструмент патрэбны, каб мець максімальна аб'ектыўную ацэнку нашай нацыянальнай валюты. Так, курс беларускага рубля ў дачыненні да розных валют фарміруецца на аснове попыту і прапановы, і тое, што ў моманце курс беларускага рубля знізіўся, напрыклад, да расійскага рубля, не абавязкова значыць, што беларускі рубель "аслабеў". Бо, магчыма, у тым жа перыядзе курс беларускага рубля да долара ЗША вырас. І такія "рознанакіраваныя" змены курсаў да розных валют – звычайная з'ява. І тут на дапамогу прыходзіць выкарыстанне кошыка валют!

 

У кошык валют для ацэнкі беларускага рубля ўваходзяць тры замежныя валюты: расійскі рубель, долар ЗША і кітайскі юань. Гэта валюты, якія найбольш выкарыстоўваюцца ў знешнегандлёвых разліках. Калі значнасць гандлёвых партнёраў зменіцца, склад кошыка валют таксама будзе перагледжаны.

 

У кожнай замежнай валюты ў кошыку ёсць "вага" – каэфіцыент уліку курсу гэтай валюты пры разліку кошыка (для расійскага рубля гэта 0,6, для долара - 0,3, а для юаня - 0,1). Для разліку курсу беларускага рубля да кошыка валют значэння курсу беларускага рубля да расійскага рубля, долара і юаня памнажаюцца на вагу кожнай валюты адпаведна. Затым перамнажаюцца гэтыя тры значэнні, вылічаецца корань трэцяй ступені, і атрымліваецца кошт кошыка валют.

Таму, напрыклад, навіна пра тое, што курс беларускага рубля да кошыка валют знізіўся зусім не азначае, што вырасце курс нейкай канкрэтнай замежнай валюты.

 

 Такім чынам, мы разабраліся, што азначаюць некаторыя фінансавыя тэрміны, якія выкарыстоўвае Нацбанк. Знаёмцеся з іншымі нашымі матэрыяламі і станавіцеся яшчэ больш фінансава граматнымі!