Крытычная ацэнка фінансавай інфармацыі заснавана пераважна на развіцці крытычнага мыслення ў цэлым, гэта значыць здольнасці аналізаваць, параўноўваць, ацэньваць і абгрунтоўваць інфармацыю, якая паступае да нас з розных крыніц.
Развіваць крытычнае мысленне трэба для таго, каб паменьшыць колькасць памылак і прымаць больш якасныя рашэнні, якія ў канчатковым выніку зробяць наша жыццё лепшым.
Вось некалькі парад, якія дапамогуць вам развіць крытычнае мысленне.
Навучыцеся вылучаць галоўнае
Навык выдзялення галоўнага ў інфармацыі дапамагае аналізаваць яе, рабіць высновы і складаць сваё меркаванне.
Напрыклад, падчас адпачынку вы плануеце паездку, таму хочаце заключыць догавор страхавання жыцця і здароўя. Перш чым падпісаць дагавор, вы знаёміцеся з яго зместам і сутыкаецеся з вялікай колькасцю ўмоў. Гэта тэрмін страхавання, страхавая прэмія, страхавая сума, аб'ект страхавання і іншая інфармацыя. Безумоўна, уся гэтая інфармацыя з'яўляецца значнай, але, калі вы не звярнулі ўвагу, якія менавіта рызыкі страхуе гэты дагавор, ён можа не падысці вам. Калі вы збіраецеся на гарналыжны курорт, а спіс рызык не ўключае траўмы, звязаныя з такiмi актыўнасцямi, вы не атрымаеце страхавое пакрыццё.Таму пры прыняцці фінансавага рашэння перш за ўсё вылучыце, што найбольш важна для вас, і ацэньвайце спачатку гэтыя моманты.
Адрознівайце меркаванне ад факту
Калі навучыцца адрозніваць суб'ектыўныя меркаванні ад аб'ектыўнай інфармацыі, можна сфарміраваць больш крытычны падыход да сітуацыі. Часта на яе ацэнку ўплываюць усе атрыманыя намі дадзеныя, але частка з іх – аб'ектыўныя факты, а іншая частка з'яўляецца чыімісьці суб'ектыўнымі думкамі. Яны могуць перашкодзіць нам у цвярозым падыходзе да прыняцця якога-небудзь важнага рашэння.
Напрыклад, «на вуліцы ідзе дождж» – гэта факт, на аснове гэтай інфармацыі можна прыняць рашэнне ўзяць з сабой парасон. «Янка кажа, што пернікі нясмачныя» – гэта меркаванне. Тое, што Янка не любіць пернікі, не значыць, што яны не спадабаюцца і астатнім. Аналагiчна і ў фінансавых пытаннях. Да прыкладу, «1 % у дзень – гэта 365 % у год» з'яўляецца фактам, а «Янка сказаў, што цяпер спрыяльны момант, каб узяць крэдыт» – гэта меркаванне. Магчыма для яго цяпер сапраўды добрая сітуацыя, а канкрэтна для вас гэта не так. Напрыклад, у вас ужо есць запазычанасць па крэдыце, досыць вялікая для таго, каб пакуль не павялічваць сваю пазыковую нагрузку.
Пераправярайце інфармацыю
Каб прымаць правільныя рашэнні і складаць сваё меркаванне, інфармацыю трэба пацвярджаць фактамі і вывучаць з розных бакоў. Рацыянальнае і ўзважанае фінансавае рашэнне мы зможам прыняць, калі збяром найбольш інфармацыі.
Неабавязкова разбірацца ў складаных эканамічных дакументах, але пры прыняцці адказнага фінансавага рашэння трэба, як мінімум, пераправерыць, ці дакладная інфармацыя, якую вам падаюць. Напрыклад, які-небудзь банк прапануе вам размясціць сродкi, запэўніваючы, што гэта самыя выгадныя ўмовы. Не палянуйцеся вывучыць усе ўмовы і параўнаць з прапановамі іншых банкаў. Ці ваш сябар параіў лепшую, на яго думку, мадэль разумнай калонкі і краму, у якой яе набыць. Прааналізуйце, ці ідэальная менавіта для вас такая мадэль, а таксама параўнайце цэнавыя прапановы розных крам.
Дакладную фінансавую інфармацыю можна знайсці на афіцыйных сайтах дзяржаўных органаў (Міністэрства фінансаў, Міністэрства па падатках і зборах, Нацыянальнага банка), банкаў, страхавых кампаній. Таксама можна звярнуцца ў кантакт-цэнтры і задаць пытанні.
Будзьце ў курсе падзей
Калі чалавек мае патрэбную інфармацыю, то ён знаходзіцца ў больш выгадным становішчы. Валоданне інфармацыяй дазваляе нам вывучаць і ацэньваць абставiны, што, у сваю чаргу, дапамагае прымаць абгрунтаваныя рашэнні. Дзякуючы развіццю iнтэрнэту, мы больш не пакутуем ад недахопу інфармацыі. Неабходна быць у курсе падзей, якія адбываюцца ў фінансавай сферы.
Так, не варта ігнараваць інфармацыю аб новых махлярскіх схемах. Вядома, махляры пастаянна ўдасканальваюцца, але чым больш вы пра iх ведаеце, тым прасцей будзе вылучыць заканамернасці і адразу ж пазнаць прыкметы махлярства. З часам вы прызвычаецеся да бяспечных паводзін. Папярэджаны – значыцца ўзброены!
Не паддавайцеся эмоцыям
Нам уласцівы эмацыйныя паводзіны, таму што эмоцыі даюцца чалавеку ад нараджэння. Без эмоцый было б вельмі сумна жыць, у шматлікіх выпадках яны карысныя: страх засцерагае ад небяспекі, злосць прымушае змагацца, радасць напаўняе сэнсам наша жыццё.
Але фінансы – гэта не тая галiна, дзе эмоцыі дапамагаюць. Пры прыняцці фінансавых рашэнняў лепш дзейнічаць з халоднай галавой, інакш знойдуцца тыя, хто скарыстаецца нашай эмацыйнасцю. Асноўная парада, якую часта даюць эксперты, – узяць паўзу, даць сабе час прааналізаваць інфармацыю. Калі першыя эмоцыі пройдуць, чалавек зможа больш аб'ектыўна падысці да прыняцця рашэння.
Крытычнае мысленне асабліва важна ў фінансавых пытаннях! Вучыцеся думаць крытычна, каб прымаць рацыянальныя фінансавыя рашэнні і не вясціся на хітрыкі махляроў!