Кожны дзень з’яўляюцца паведамленні пра новыя выпадкі махлярства, зніклыя з рахункаў грошы і падманутых людзей. Ахвярамі махляроў становяцца і людзі сталага ўзросту, і маладыя. Нават самыя разумныя і адукаваныя могуць трапіць у пастку.

Махляры пераконваюць, уціраюцца ў давер, іграюць на эмоцыях і ўжываюць розныя псіхалагічныя прыёмы для падману людзей. Акрамя таго, яны пастаянна ўдасканальваюць свае метады, таму заўсёды трэба праяўляць асцярожнасць. У гэтым артыкуле раскажам пра спосабы махлярства, якія нядаўна з’явіліся, і прапануем некалькі парад, каб дапамагчы своечасова выявіць спробы махлярства, абараніць сябе і не страціць грошы.

 

 "Палепшыць якасць сувязі"

 

Апошнім часам махляры падчас званкоў у мэсанджарах сталі прадстаўляцца не толькі супрацоўнікамі міліцыі, банка, але і супрацоўнікамі аператараў мабільнай сувязі.  Яны паведамляюць, што для паляпшэння якасці сувязі, або з-за заканчэння тэрміну дзеяння дагавора, неабходна падпісаць новае пагадненне і ўсталяваць або абнавіць дадатак на смартфоне. Потым адпраўляюць спасылку на пампаванне файла. Калі ахвяра адкрыла спасылку, махляры атрымліваюць аддалены доступ да яе смартфону, а там і да асабістых даных, мабільнага банкінгу і сродкаў на рахунках. Потым яны спыняюць любую сувязь з пацярпелым або выкарыстоўваюць атрыманыя даныя для вымагання грошай.

 

ПАРАДА. Адразу прыпыніце размову, калі "афіцыйная асоба" патэлефанавала з выкарыстаннем мэсанджараў, з нумара замежных аператараў, ці ў вас з’явілася нават нязначнае падазрэнне ў праўдападобнасці званка. Не адкрывайце незнаёмыя спасылкі, тэлефануйце мабільнаму аператару па нумарах, названых на яго афіцыйным сайце.

"Дапамагчы знайсці iPhone"

Гэтая схема махлярства датычыцца ўладальнікаў iPhone. Махляры просяць дапамагчы знайсці страчаны iPhone з узламанага акаўнта ад імя знаёмых ці сваякоў. Звычайна махляры сцвярджаюць, што тэлефон страчаны або неабходна выдаліць фатаграфіі з воблачнага сховішча, спасылку на якое дасылаюць. Калі ахвяра згаджаецца і ўваходзіць у фальшывае «воблака», злачынцы змяняюць пароль і блакіруюць прыладу. Пасля гэтага яны патрабуюць грошы за разблакіроўку тэлефона.

ПАРАДА. Звяртайце ўвагу на паводзіны і манеру зносін суразмоўцы, ці адпавядаюць яны рэальнаму чалавеку, якога вы ведаеце. Лепш патэлефануйце свайму знаёмаму на нумар яго мабільнага і ўдакладніце, што здарылася. Загадзя дамоўцеся з роднымі пра адказ на сакрэтнае пытанне, калі размова здаецца падазронай.  

 

"Аплата паслуг па QR-кодзе"

 

Для аплаты той ці іншай паслугі махляры могуць дасылаць фэйкавы QR-код, які вядзе не на афіцыйны сайт сэрвісу, а на фальшывы рэсурс, праз які аферысты могуць узламаць вашую прыладу, скрасці грошы, даныя банкаўскай карткі. Калі вы счыталі такі код праз сканер тэлефона і перайшлі па спасылцы, вы трапіце непасрэдна на сайт махляроў!

 

ПАРАДА. Пры правядзенні аплаты счытвайце QR-коды толькі з выкарыстаннем афіцыйнага дадатку плацежнага сэрвісу, а не праз камеру гаджэта.

 

"Прагаласаваць за сваякоў у конкурсе"

 

Яшчэ адзін не новы, але папулярны, з выгляду "бяскрыўдны" махлярскі сцэнарый: у сацсетках або ў мэсанджарах вы атрымліваеце просьбу прагаласаваць за чыйгосьці дзіця або сваяка ў конкурсе. Калі вы пераходзіце па спасылцы, якую махляры адпраўляюць з узламанага акаўнта, вы можаце "злавіць" вірус, з дапамогай якога кіберзлачынцы атрымліваюць поўны доступ да вашага гаджэту і банкаўскіх рахункаў, могуць блакіраваць тэлефон і патрабаваць за разблакіроўку выкуп.

 

ПАРАДА. Нават калі вы атрымалі просьбу ад блізкага чалавека, не спяшайцеся "галасаваць". Звяжыцеся з гэтым чалавекам і ўдакладніце, што за спасылка. Нават пры нязначным сумненні не пераходзіце па ёй!

 

Будзьце пільнымі!

 

1. Не дзяліцеся асабістай інфармацыяй, данымі банкаўскіх картак і паролямі, кодамі і сеансавымі ключамі незалежна ад таго, якія прычыны называюць і кім прадстаўляюцца.

2. Не пераходзьце па падазроных спасылках, QR-кодах і не ўводзьце на сайтах, на якія яны вядуць, асабістыя даныя. Не ўсталёўвайце аніякіх дадаткаў на свой смартфон па просьбе старонніх людзей.

3. Не спяшайцеся пераводзіць грошы сваякам і знаёмым, а таксама незнаёмым людзям, якія сцвярджаюць, што з'яўляюцца супрацоўнікамі банкаў або праваахоўных органаў. Пры ўзнікненні сумненняў заўсёды звязвайцеся з тым, чыю просьбу атрымалі, альбо тэлефануйце ў банк па афіцыйным нумары для ўдакладнення інфармацыі.

4. Калі вас шантажыруюць, патрабуюць грошай, неадкладна звярніцеся ў праваахоўныя органы.

5. Калі нешта здаецца вам небяспечным, пераправерце, праігнаруйце, націсніце на крыжык... Памятайце, што махляры – добрыя псіхолагі, якія выкарыстоўваюць свае адпрацаваныя псіхалагічныя тэхнікі для выманьвання грошай.