Ці любім мы прымаць рашэнні? Так, калі яны даюцца лёгка і нас задавальняюць. Але калі гэтыя рашэнні тычацца фінансаў - не так проста вызначыць, ці будуць яны слушнымі. Як не памыліцца?
Выключаем імпульсіўныя пакупкі
Найперш трэба ўзважана падысці да самога працэсу прыняцця рашэння. Калі гаворка ідзе аб сумах грошай, якія для вас з'яўляюцца значнымі, не варта паддавацца імпульсу.
Ацэнім, ці будзе выгаднай ваша пакупка, што яна вам дасць. Напрыклад, вы купляеце ноўтбук для вучобы - гэта неабходная рэч, а вось камп’ютэр для гульні не дапаможа вам атрымаць новыя веды, так што яго набыццё, магчыма, прыйдзецца адкласці. Інакш кажучы, трэба вызначыцца з прыярытэтамі - што для мяне цяпер больш важна.
Яшчэ адно пытанне - мне гэта патрэбна ці я гэта хачу.
Часта ўплывы атачэння прымушаюць нас марнаваць грошы. Я хачу гэтакі тэлефон, такі ж аўтамабіль (сукенку, туфлі, сумку і г.д.) - думаеце вы і купляеце пажаданую рэч толькі каб быць не горш за іншых. Вы заўважалі, што ўборы багатых людзей часта больш сціплыя, чым у тых, хто спрабуе іх пераймаць?
Старайцеся зрабіць свае выдаткі разважнымі, і толькі потым - калі вам дазваляюць вашы фінансы - думаць аб эмацыйным задавальненні.
Знаёмімся з дагаворам
Вы сабраліся купіць тур, узяць страхоўку, замовіць мэблю, нарэшце, змяніць тарыфны план у тэлекамунікацыйнага аператара. Вам прапануюць заключыць дагавор.
Да варункаў дагавора рэдка звяртаюцца, калі супрацоўніцтва праходзіць гладка. Звычайна пра іх узгадваюць, калі ўзнікаюць супярэчнасці. Менавіта таму нельга безадказна ставіцца да падпісання нават самага простага дагавора!
Распаўсюджаныя адгаворкі - дагавор надрукаваны занадта дробным шрыфтам, дагавор тыпавы, ніхто яго не чытае/не зменіць - не дапамогуць вам пазбегнуць клопату.
Юрысты раяць перад падпісаннем дагавора азнаёміцца хаця б з асноўнымі яго палажэннямі. На што звярнуць увагу?
Перш за ўсё, на рэквізіты прадпрыемства або прадпрымальніка, з каторымі вы збіраецеся заключыць дагавор. У тэксце дагавора трэба абавязкова ўказаць поўную назву, уліковы нумар падаткаплацельшчыка (УНП), адрасы размяшчэння, банкаўскія рэквізіты. Пагугліце гэтыя даныя, пачытайце водгукі на сайтах, каторым давяраеце. Нарэшце, проста праверце ў Дзяржаўным рэестры адпаведнасць нумара УНП і назвы прадпрыемства, або ці з'яўляецца прадпрыемства дзейным.
Трэба звярнуць увагу, хто падпісвае дамову. Калі дамова падпісваецца па даверанасці, папрасіце копію даверанасці, праверце, ці не скончыўся тэрмін яе дзеяння.
Вядома, трэба звярнуць увагу і на прадмет дагавора - каб ён супадаў з тым, што вы замовілі. Паслуга павінна быць апісана выразна, недвухсэнсоўна, а найменне тавара адпавядаць таму, што выкупілі.
Варункі аплаты - важная частка дагавора. Там могуць быць закладзены штрафы за пратэрміноўкі плацяжоў. Прачытайце гэтую частку ўважліва, каб потым не было нечаканых непрыемнасцяў.
Калі вы часткова робіце перадаплату па дагаворы, там павінна быць унесена яе сума, і сума, якая засталася да аплаты. Ніколі не давайце перадаплату без дагавора! Выканаўца можа аказацца ашуканцам. Тады вы не зможаце вярнуць свае грошы і застанецеся без патрэбнага тавару/паслугі.
Таксама вельмі ўважліва трэба вывучыць раздзел дагавора датычна вашай адказнасці. Напрыклад, калі гэта дагавор арэнды, там будзе пазначана, хто з бакоў аплачвае камунальныя паслугі, у якія тэрміны вы павінны аплачваць арэнду, ці павінны вы падаваць пацвярджальныя дакументы аб аплаце і г.д.
Прасіце ўсе дадаткі, што згадваюцца па тэксце дагавора. У іх можа змяшчацца важная інфармацыя.
Вывучаем дагавор з камфортам
На практыцы можа быць складана вывучыць праект дагавора, гэта вымагае часу нават для падрыхтаванага чытача, напрыклад, юрыста. Што зрабіць, каб умовы, у якіх вы вывучаеце яго тэкст, не націскалі на вас?
Калі за вамі чарга, запытайцеся ў мэнэджэра кампаніі, дзе вы можаце вывучыць праект дамовы. Вам будзе выдзелена месца, дзе вы сможаце спакойна прачытаць дагавор, а потым задаць свае пытанні.
Калі дагавор прынёс кур'ер і просіць яго падпісаць, можаце сказаць яму, што вывучыце і самастойна вышлеце ў кампанію падпісаныя паперы.
Не саромейцеся задаваць пытанні. Існуе меркаванне, што буйныя арганізацыі не мяняюць умовы дагавора. Але калі вас нешта не задавальняе, навошта яго падпісваць? Спытайцеся, ці ёсць магчымасць змяніць дагавор, калі вам нешта не падабаецца, або незразумела. Напрыклад, можна прапанаваць больш выразна прапісаць прадмет дагавора, тэрміны аказання паслугі, адказнасць выканаўцы. Калі кампанія адмаўляецца, узважце свае рызыкі і прымыце рашэнне - варта заключаць дагавор ці, можа быць, звярнуцца ў другую кампанію?