Застрахаваць можна не толькі маёмасць, адказнасць, жыццё і здароўе чалавека ад няшчасных выпадкаў. Беларускія банкі і страхавыя кампаніі прапануюць звярнуць увагу на актуальны кірунак у страхаванні – страхаванне банкаўскіх прадуктаў.

Фінансавыя махляры прыдумваюць усё новыя і новыя схемы крадзяжу грашовых сродкаў, таму страхаванне банкаўскіх прадуктаў можа быць карысна кожнаму. У гэтым артыкуле раскажам, якія банкаўскія прадукты можна застрахаваць і як гэта зрабіць.

 

Страхаванне банкаўскіх картак

 

Банкаўская картка сёння – гэта неад'емны атрыбут кожнага чалавека, надзейны памочнік у сучасным фінансавым свеце. Менавіта таму важна засцерагчы сябе пры яе выкарыстанні. Для гэтага можна скарыстацца дагаворам добраахвотнага страхавання банкаўскай карткі. Важна ўлічваць наступную інфармацыю:

  • Што страхуецца. Можна застрахаваць адну банкаўскую картку, некалькі або ўсе карткі, выпушчаныя да аднаго безнаяўнага рахунку.
  • Шкода, якая кампенсуецца. Страхоўка ў залежнасці ад дагавору можа пакрыць шкоду, калі банкаўская картка, дакументы, якія знаходзіліся разам з ёй, або тавары, набытыя з дапамогай карткі, страчаныя, пашкоджаныя або скрадзеныя. Калі вам прыйдзецца заблакіраваць картку, перавыпусціць яе ці з вашага рахунку ўкрадуць грошы, страхоўка дапаможа пакрыць і гэтыя расходы. Акрамя таго, часта па страхоўцы прапануецца пакрыццё шкоды, калі скралі грошы, якія вы нядаўна знялі ў банкамаце або аддзяленні банка.
  • Як аформіць. Страхавы дагавор можна заключыць непасрэдна са страхавой кампаніяй або праз банк, які выдаў картку. Афармляецца страхоўка ва ўстанове або анлайн у мабільным, інтэрнэт-банкінгу або на сайце. Застрахаваць картку можна як у момант яе атрымання ў банку, так і пасля гэтага, на працягу тэрміну яе дзеяння.
  • Тэрміны дагавора і памер пакрыцця. Можна застрахаваць картку на любы тэрмін, але ён не павінен перавышаць час яе дзеяння. Тэрмін і памер магчымага пакрыцця шкоды вы можаце выбраць самі пры заключэнні дагавора страхавання.
  • Кошт страхоўкі. Звычайна памер страхавога ўнёску вызначаецца ў працэнтах ад сумы страхавой аховы і залежыць ад тыпу і тэрміну дагавора страхавання. Напрыклад, максімальная сума, якую можа пакрыць вам страхавая кампанія, складае 5000 рублёў. Калі страхавы ўнёсак складае 0,3% ад гэтай сумы, то за заключэнне дагавора трэба заплаціць 15 рублёў. Ёсць розныя зніжкі пры афармленні страхоўкі, напрыклад, для навучэнцаў, удзельнікаў клубных праграм, а таксама зніжкі пры страхаванні кожнай дадатковай карткі ў адным дагаворы.

Дагавор страхавання ўступае ў сілу на наступны дзень пасля яго заключэння. Памятайце, калі з вашай застрахаванай карткі зніклі сродкі, важна своечасова звярнуцца ў праваахоўныя органы, а затым – у страхавую кампанію для пакрыцця страты.

 

Страхаванне рызык крэдытаатрымальнікаў

 

Калі вы выплачваеце крэдыт і працэнты па ім, карысным для вас можа быць дагавор, які страхуе вашы рызыкі як крэдытаатрымальніка. Гэта рызыкі незвароту крэдыту і працэнтаў, якія могуць  наступіць у выпадку хваробы або страты працы. Такая страхоўка забяспечвае ахову крэдытаатрымальніка, яго сям'і і сваякоў ад пазыковай нагрузкі пры наступленні названых у дагаворы непрадбачаных абставін.

 

Тэрмін страхавання будзе роўны тэрміну дзеяння крэдытнага дагавора. Сума, якую страхавая кампанія гатова выплаціць па страхоўцы, можа заставацца нязменнай на працягу ўсяго тэрміну дзеяння страхавога поліса або змяншацца ў залежнасці ад таго, як памяншаецца асноўны доўг па крэдыце. Памер страхавога ўнёску залежыць ад памеру страхавой сумы і абранага варыянта страхавання.

 

Некаторыя банкі ў рамках комплекснага страхавання банкаўскіх рахункаў прапануюць застрахаваць рызыку таго, што хтосьці незаконна аформіць крэдыт на ваша імя, выкарыстоўваючы скрадзеныя асабістыя даныя. Па такому дагавору кампенсуецца шкода на суму незаконна аформленага крэдыту з працэнтамі па ім, расходы па замене дакументаў, якія былі скампраметаваныя, і судовыя выдаткі.

 

Страхаванне рызык укладчыкаў

 

З такім страхавым дагаворам кліенты банкаў могуць спакойна на доўгі тэрмін размяшчаць грошы на дэпазіт. Калі раптам з-за хваробы або страты працы тэрмінова патрэбныя грошы і прыйдзецца забраць свой уклад, страхоўка пакрые страчаныя працэнты. Гэта можа адносіцца як да адзыўных, так і да безадзыўных укладаў. Страхавая сума ўсталёўваецца ў памеры не больш сумы працэнтаў за ўвесь перыяд, на які заключаўся дагавор укладу ў банку.

 

Страхавы выпадак надыходзіць, калі ўкладчык не атрымлівае чаканыя працэнты па сваім укладзе ў банку, таму што разарваў дагавор раней за тэрмін. Ён можа разлічваць на кампенсацыю страчаных працэнтаў пры наступленні падзей, указаных у страхавым дагаворы. Напрыклад, калі ўкладчык страціў працу, яго даход значна знізіўся, ён ці яго сваякі сур'ёзна захварэлі, пашкоджаны яго аўтамабіль, жыллё або ўкладчык сам неспадзявана нанёс камусьці шкоду і павінен яе пакрыць.

 

Памятайце, што, калі ў вас адкрыты безадзыўны ўклад, яго вяртанне магчыма толькі са згоды банка. Дагавор страхавання не з'яўляецца падставай для згоды банка на яго скасаванне.

 

Такім чынам, страхаванне банкаўскіх прадуктаў можа дапамагчы пазбегнуць розных фінансавых рызык. Страхаванне банкаўскіх картак – гэта ўнікальная паслуга, якая пакрывае не толькі несанкцыянаванае спісанне сродкаў, але і страту, крадзеж, пашкоджанне карткі, а таксама выкраданне наяўных грошай пасля зняцця з карткі і іншыя рызыкі. Страхаванне рызык крэдытаатрымальнікаў і ўкладчыкаў спатрэбіцца ў выпадку непрадбачаных жыццёвых абставін. Будзьце фінансава дальнабачнымі, выкарыстоўвайце магчымасць застрахаваць сябе ад рызык!