Рэгіянальны форум з такой назвай прайшоў у Мінску 25 - 27 чэрвеня 2015 г. У ім удзельнічалі прадстаўнікі цэнтральных банкаў, міністэрстваў фінансаў, фінансавых інстытутаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Садружнасці Незалежных Дзяржаў, рэгіянальныя і міжнародныя эксперты.

Асноўная мэта форуму - дыялог аб важнай ролі доступу да фінансаў і вызначэнне шляхоў максімізацыі пераваг фінансавай даступнасці для эканамічнага развіцця і фінансавай стабільнасці краін ва ўсім свеце.
 
Мерапрыемства арганізавана Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь разам з Альянсам за фінансавую даступнасць у рамках сумеснага праекта "Садзейнічанне рэгіянальнаму супрацоўніцтву ў галіне забеспячэння доступу да фінансаў ва Усходняй Еўропе і СНД".

На форуме былі абмеркаваны тэмы, звязаныя з паляпшэннем доступу да фінансаў для насельніцтва і малога прадпрымальніцтва, разгледжана сувязь паміж фінансавай даступнасцю і стабільнасцю фінансавай сістэмы, а таксама абмеркаваны пытанні фінансавай свядомасцi і абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг.