Нацыянальны банк, Міністэрства адукацыі і аўтарскі калектыў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта падрыхтавалі вучэбна-метадычны камплект "Асновы фінансавай граматнасці" для факультатыўных заняткаў навучэнцаў 5–7-х класаў, які складаецца з дапаможніка для навучэнцаў і дапаможніка для настаўнікаў (далей – ВМК).
ВМК ухвалены Навукова-метадычнай установай "Нацыянальны інстытут адукацыі" Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і рэкамендаваны для выкарыстання ў навучальным працэсе.
ВМК змяшчае тэарэтычны матэрыял і практычныя заданні, прызначаныя для фарміравання ведаў па фінансавай граматнасці школьнікаў. У даступнай і займальнай форме разам з галоўным персанажам – хлопчыкам Алёшкам і яго сям'ёй школьнікі спасцігнуць азы фінансавай граматнасці.
Пяцікласнікі даведаюцца, што такое грошы і як яны з'явіліся; што такое бюджэт, як фарміруюцца даходы і выдаткі сям'і; як ажыццяўляць зберажэнні і запазычанні. У шостым класе дзеці пазнаёмяцца з дзейнасцю банкаў і асноўнымі банкаўскімі аперацыямі; навучацца распазнаваць хітрасці махляроў; даведаюцца, як працуе страхаванне; у чым розніца паміж прадпрымальнікам і наёмным работнікам. У рамках факультатыўных заняткаў па фінансавай граматнасці ў сёмым класе навучэнцы даведаюцца аб тым, што такое дзяржаўны бюджэт; якія віды падаткаў існуюць; як уладкаваныя пенсійная сістэма і сістэма сацыяльных выплат.
Дапаможнік для настаўнікаў закліканы аказаць дапамогу педагогам пры падрыхтоўцы і правядзенні факультатыўных заняткаў па фінансавай граматнасці.
Нацыянальны банк плануе надрукаваць 6 тыс. экзэмпляраў ВМК, якія будуць перададзены ў бібліятэкі ўсіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Акрамя таго, электронная версія ВМК у свабодным доступе размешчана на Адзіным партале фінансавай граматнасці насельніцтва www.fingramota.by (дапаможнік для навучэнцаў і дапаможнік для настаўнікаў), а таксама на Нацыянальным адукацыйным партале (дапаможнік для навучэнцаў і дапаможнік для настаўнікаў).
Ахоп фінансавымі ведамі школьнікаў і прадастаўленне метадычнай падтрымкі педагогам прызнаюцца важнымі складнікамі работы па павышэнні фінансавай граматнасці, якая ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Планам сумесных дзеянняў па павышэнні фінансавай граматнасці на 2019–2024 гады, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 12 красавіка 2019 г. № 241/6.
У 2021 годзе Нацыянальны банк стаў ініцыятарам выдання першага ў рэспубліцы ВМК па асновах фінансавай граматнасці для факультатыўных заняткаў навучэнцаў 8–9-х класаў, які на бязвыплатнай аснове перададзены ва ўстановы адукацыі па ўсёй Беларусі.