Сёння практычна кожны банк прапануе аформіць карту з манібэкам. Вяртанне сродкаў пры аплаце картай – гэта прывабны маркетынгавы інструмент, які ўжываецца многімі банкаўскімі ўстановамі. Аднак, часта такая выгада губляецца з-за расходаў на выпуск і абслугоўванне гэтай карты.

Што ўяўляе сабой манібэк, як выбраць карту з найлепшымі для вас умовамі, ці трэба плаціць падатак з манібэку? Наш артыкул дапаможа адказаць на гэтыя пытанні і разабрацца, як карыстацца манібэкам максімальна эфектыўна.

Што такое манібэк

 

Калі вы здзяйсняеце аперацыю па аплаце тавараў або паслуг банкаўскай картай, то спрыяеце атрыманню банкам даходу. Таму банкі прапануюць невялікі падарунак у выглядзе пералічэння працэнта ад свайго заробку. Гэта і ёсць манібэк. Гэта від бонуснай праграмы банка, каб прывабіць кліентаў і стымуляваць здзяйсненне пакупак у крамах-партнёрах. Манібэк можа вяртацца пасля кожнай пакупкі альбо адзін раз ад усёй сумы пакупак за месяц у вызначаныя банкам дні.

 

Часта картка з манібэкам прадугледжвае павышаны працэнт вяртання грошай за набыццё пэўных груп тавараў або паслуг. Таму выгадна завесці карту, якая прапануе высокую стаўку манібэку на тыя групы тавараў і паслуг, якія складаюць значную частку вашых расходаў.

 

Як выбраць карту

 

Перш за ўсё, звярніце ўвагу, на што вы расходуеце грошы. Гэта важна, таму што, калі вы выбераце карту не падумаўшы, то можаце апынуцца ў сітуацыі, калі плата за абслугоўванне карты будзе вышэй, чым выгада ад манібэку.

Напрыклад, у вашай сям’і ёсць маленькія дзеці. Напэўна вам падыдзе картка з павышаным манібэкам на пакупкі дзіцячых тавараў: цацак, падгузнікаў, дзіцячага харчавання, адзення і абутку. А калі вы аддаеце перавагу купляць гэта ў адным месцы, напрыклад, у пэўным дзіцячым супермаркеце, можна атрымаць выгаду яшчэ больш, калі выбраць карту банка, які падтрымлівае партнёрскія адносіны з гэтай крамай.

 

Каб атрымаць максімальную выгаду ад сістэмы вяртання грошай, падумайце аб атрыманні розных карт для розных відаў расходаў. Напрыклад, калі ў вас у сям’і ёсць аўтамабіль і маленькія дзеці, можаце аформіць дзве карты з высокім манібэком: на паліва і дзіцячыя тавары. Гэта павялічыць агульную суму сродкаў, якія вяртаюцца. Але можна завесці і ўніверсальную карту, якая налічвае манібэк за ўсе пакупкі. Па ёй працэнт вяртання звычайна ніжэйшы, але затое такой карткай карыстацца больш зручна.

 

Умовы карт з манібэкам

 

Банкі прапануюць розныя ўмовы для налічэння манібэку, якія трэба мець на ўвазе пры набыцці карты:

  • Умовы абслугоўвання карты. Адны банкі прапануюць карту з бясплатным абслугоўваннем, іншыя могуць браць штомесячную плату, а некаторыя банкі вызваляюць ад яе пры выкананні пэўных умоў, якія пазначаны ў дагаворы.
  • Банкі вызначаюць катэгорыі тавараў, па якіх даецца павышаны манібэк. Напрыклад, 3% за куплю паліва, 5% за касметычныя паслугі і 0,5% за астатнія тавары. Вялікі працэнт вяртання часта даступны толькі пры пакупках у партнёрскіх сеткавых крамах, якія супрацоўнічаюць з вашым банкам.
  • Банкі часта задаюць мінімальны парог расходаў у месяц для налічэння манібэку. Напрыклад, ён будзе залічаны толькі ад пакупкі звыш 50 рублёў, а пры меншых расходах не даецца.
  • Банк можа абмежаваць максімальную суму вяртання сродкаў, якую можна атрымаць штомесяц. Ён можа ўсталяваць ліміт манібэку за месяц, напрыклад, 100 рублёў. Такім чынам, колькі вы не патраціце, манібэк, большы за пазначаную суму, вы не атрымаеце.

Падатак з манібэка

 

Манібэк да 2 працэнтаў не абкладаецца падаходным падаткам. Але манібэк, які перавышае гэты ўзровень, падлягае падаткаабкладанню падаходным падаткам (13%). Напрыклад, сума пакупкі склала 100 рублёў, а залічаны манібэк 5% – гэта 5 рублёў. Тады падаткаабкладальны манібэк складзе 3% (5% мінус 2%) – гэта 3 рублі, а сума падаходнага падатку 13% ад 3 рублёў – 39 капеек.

Зараз на заканадаўчым узроўні разглядаецца магчымасць павелічэння памеру манібэку, які не абкладаецца падаходным падаткам, з 2 да 10 працэнтаў, каб стымуляваць да больш актыўнага правядзення безнаяўных плацяжоў.

 

Аднак вам не прыйдзецца сачыць за памерам манібэку, самастойна разлічваць і выплачваць падатак. Банк сам вылічае, утрымлівае і пераводзіць суму падатку ў бюджэт.

 

Выбірайце карту з высокім манібэкам на тавары, якія часта купляеце і абавязкова ўлічвайце ўмовы абслугоўвання па ёй. Гэта дапаможа выкарыстоўваць функцыю манібэку больш эфектыўна для вас.