Чым адрозніваецца "віртуальны пластык" ад звычайнай аплатнай карткі і якія мае асаблівасці ў выкарыстанні, разбяромся ў гэтым артыкуле.

Нароўні са сталымі звыклымі нам банкаўскімі карткамі банкі прапануюць аформіць і "віртуальныя", гэта значыць карткі, якія не маюць фізічнага носьбіта. Колькасць віртуальных картак і іх карыстальнікаў расце. Часта віртуальныя карткі лічацца "альтэрнатывай пластыкавым для анлайн-плацяжоў, аплаты падпісак і сервісаў у інтэрнэце".

 

Што такое віртуальная картка і як яе аформіць

 

Віртуальныя карткі ўяўляюць сабой інструмент для выканання фінансавых аперацый без фізічнай эмісіі. Віртуальная картка выконвае тыя ж функцыі, што і пластыкавая картка, але захоўваецца выключна ў лічбавым выглядзе. Віртуальныя карткі бываюць дэбетавымі і крэдытнымі, могуць быць намініраваныя ў рублях або замежнай валюце.

Працэдура афармлення віртуальнай карткі не патрабуе візіту ў банк. Аформіць яе можна праз мабільны дадатак або інтэрнэт-банкінг літаральна за некалькі хвілін. Гэта настолькі хутка, што віртуальную картку часам ствараюць нават для разавай транзакцыі.

Пасля запаўнення заяўкі картку звычайна можна выкарыстоўваць практычна адразу. Віртуальная картка можа быць выпушчана як да новага, так і да ўжо існуючага рахунку.

 

Для чаго патрэбна віртуальная картка

 

 Віртуальныя карткі могуць выкарыстоўвацца для розных мэт: ад анлайн-плацяжоў да паўсядзённых разлікаў у крамах.

Калі вы карыстаецеся паслугамі аднаго банка (напрыклад, захоўваеце грошы на дэпазіце або аплачваеце крэдыт), але атрымліваеце зарплату ў іншым, зручна выпусціць віртуальную картку ў першым банку і папаўняць яе ў банку "зарплатным". Акрамя таго,"віртуалка" дапаможа не "свяціць" даныя зарплатнай карткі пры разліку ў інтэрнэце: для выканання анлайн плацяжоў лепш выкарыстоўваць віртуальную картку, на якую пералічана неабходная  сума для пакупкі.

Акрамя анлайн-транзакцый, віртуальныя карткі можна выкарыстоўваць і для разлікаў у рэальных крамах. Для гэтага патрэбны смартфон з падтрымкай NFC (функцыя бескантактавых плацяжоў). Пасля ўключэння функцыі NFC у наладах тэлефона і ўстаноўкі адпаведнага банкаўскага дадатку, уладальнік карткі зможа аплачваць тавары і паслугі адразу са смартфона.

 

Разлікі, папаўненне і зняцце сродкаў

 

Папоўніць рахунак віртуальнай карткі можна рознымі спосабамі: праз аддзяленне банка, пералічэннем з іншай карткі, пералічэннем з іншага рахунку або наяўнымі праз банкаматы з функцыяй бескантактавага абслугоўвання. Віртуальныя карткі падтрымліваюць стандартныя функцыі пералічэння сродкаў паміж карткамі, на рахункі і аплату праз АРІП. Працэс аплаты з віртуальнай карткі нічым не адрозніваецца ад выкарыстання фізічнай карткі. Для анлайн-плацяжоў трэба ўвесці рэквізіты карткі і пацвердзіць аперацыю кодам, які атрыманы на тэлефон.

Зняцце наяўных з віртуальных карт магчыма, толькі калі банк-эмітэнт прадастаўляе такую паслугу. Для гэтага трэба папярэдне зарэгістраваць рахунак у плацежным дадатку тэлефона і задаць пін-код у дадатку або ў асабістым кабінеце анлайн-банкінгу.

Некаторыя беларускія банкі дазволяць зняць наяўныя грошы з "віртуалак" толькі пры ўмове, што вы адразу зачыніце рахунак. Грошы вы атрымаеце ў валюце рахунку, але не праз банкамат, а ў касе банка.

 

Бяспека віртуальнай карткі

 

У плане бяспекі віртуальныя карткі не саступаюць фізічным. Высокі ўзровень бяспекі пры пакупках у інтэрнэце забяспечваецца дзякуючы тэхналогіі 3-D Secure (шматфактарнай аўтэнтыфікацыі).

Лічбавая картка сама можа "засцерагчы" вашу зарплату: "віртуальны пластык" прыйдзецца вельмі дарэчы, калі вы хочаце выконваць плацяжы ў інтэрнэце, пазбягаючы рызыкі кампраметацыі даных зарплатнай карткі. Таму адкрываць віртуальную картку трэба не да зарплатнага, а да асобнага рахунку. Пры гэтым рэкамендуецца трымаць на віртуальнай карце мінімальна неабходную суму і папаўняць яе перад кожнай аперацыяй.

 

Перавагі віртуальных карт

 

Асноўныя перавагі віртуальных картак уключаюць:

  • Адсутнасць неабходнасці насіць картку з сабой і рызыкі яе страціць.
  • Хуткі выпуск (акрамя крэдытных карт, для якіх патрабуецца дадатковы час на разгляд заяўкі).
  • Абмежаванне рызыкі страты сродкаў пры безнаяўных разліках сумай, якая маецца на картцы.
  • Бясплатнае або больш таннае ў параўнанні з іншымі відамі карт афармленне і абслугоўванне.
  • Экалагічнасць: для выпуску віртуальнай карткі не патрабуецца выкарыстанне пластыка.

 

Недахопы віртуальных карт

 

Сярод мінусаў віртуальных картак можна вылучыць:

  • Залежнасць ад наяўнасці інтэрнэту: немагчыма выканаць плацеж або пералічэнне анлайн без устаноўленага інтэрнэт-злучэння.
  • Залежнасць ад узроўню зарада батарэі смартфона: у выпадку, калі віртуальная картка прывязаная да вашага гаджэта, то пры разліку ён павінен працаваць.
  • Абмежаванні па зняцці наяўных у банкамаце.
  • Нязручнасць, выкліканая выкарыстаннем некалькіх картак і неабходнасцю пералічэння сродкаў паміж імі.

 

Такім чынам, віртуальная картка – гэта даступны, зручны і бяспечны плацежны інструмент. Некаторыя банкі абмяжоўваюць кліентаў у магчымасці здымаць наяўныя грошы. Таму перад афармленнем віртуальнай карткі ацаніце, для якіх мэт яна вам патрэбна.

26.02.2025