Дэнамінацыю ў народзе называюць "абразанне" нулёў. У выніку дэнамінацыі адбываецца змена наміналу грошай, што спрыяе спрашчэнню разлікаў і ўпарадкаванню грашовага абароту. Дэнамінацыя можа быць ўмоўнай: усе дамаўляюцца паміж сабой лічыць грошы так, быццам на іх няма гэтых лішніх нулёў (так, да прыкладу, было ў Беларусі ў 1994 годзе). Але часцей яна суправаджаецца выпускам у абарачэнне новых купюр.

Паўторымся, галоўная мэта дэнамінацыі – спрасціць разлікі, каб не апераваць пры іх занадта вялікімі і нязручнымі сумамі. Сам жа працэс не ўплывае на фактычную каштоўнасць грошай. Усе цэны і курсы валют памяншаюцца роўна на той жа каэфіцыент, што і намінал грошай. У сусветнай гісторыі дэнамінацыя часта станавілася следствам працяглага росту коштаў.

Топ-3 найбуйнейшых дэнамінацый у свеце:

1. Германія ў 1924 годзе стала абменьваць сваю старую папяровую марку на новую рэйхсмарку па курсе адзін трыльён (адзінка і 18 нулёў) да аднаго.

2. На другім месцы Зімбабвэ з заменай 10 мільярдаў старых долараў на1 новы долар у 2008 годзе.

3. Самая маштабная дэнамінацыя за ўсю гісторыю адбылася ў Венгрыі. Там ў 1946 годзе старыя грошы мянялі на новыя з каэфіцыентам 400 актыліёнаў да 1. Актыліён – гэта адзінка і 48 нулёў.

У Беларусі за ўсю гісторыю адбывалася 3 дэнамінацыі – у 1994 годзе з адкідваннем аднаго нуля, у 2000 годзе з скарачэннем яшчэ трох нулёў і 2016 са скарачэннем чатырох нулёў.

Апошняя дэнамінацыя нацыянальнай валюты адбылася ў Беларусі 1 ліпеня 2016 г. У ходзе яе старыя грошы ўзору 2000 года былі заменены на новыя купюры і манеты ўзору 2009 года. З гэтага дня 10 000 старых рублёў сталі роўныя аднаму новаму або, прасцей кажучы, на грошах скарацілася 4 нулі, а банкнота ў 100 недамінаваных рублёў ператварылася ў адну капейку. Па аналогіі 200 рублёў сталі двума капейкамі, 500 - пяццю, а 1000 рублёў – гэта 10 капеек пасля дэнамінацыі. Усяго з 1 ліпеня 2016 г. у зварот былі выпушчаныя сем наміналаў банкнот – 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў, і восем наміналаў манет - 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама 1 і 2 рублі. Дызайн новых банкнот аб'яднаны тэмай "Мая краіна – Беларусь" і пераняў у папярэднікаў выкарыстанне на малюнках помнікаў архітэктуры.
Дэнамінацыя была праведзена для павышэння якасці грашовага звароту, спрашчэння ўліку і разлікаў, скарачэння дзяржаўных выдаткаў на абслугоўванне грошай. Сама дэнамінацыя не паўплывала на пакупніцкую здольнасць беларускага рубля, курс нацыянальнай валюты ў адносінах да замежных валют, а таксама на узровень інфляцыі. Цэны на тавары і паслугі з 1 ліпеня 2016 г. былі пералічаныя з улікам абранага маштабу дэнамінацыі - 1:10 000.

Цікавыя факты аб дэнамінацыі ў Беларусі

Адметна тое, што дэнамінаваныя грошы датуюцца 2009 годам, хоць дэнамінацыя прайшла ў 2016 годзе. Гэта звязана з тым, што яны былі вырабленыя па замове Нацыянальнага банка яшчэ ў 2008 годзе, аднак тады ў сувязі з сусветным эканамічным крызісам правядзенне дэнамінацыі было адкладзена, а вырабленыя грошы перададзеныя ў Цэнтральнае сховішча Нацыянальнага банка.

Менавіта таму новыя беларускія рублі маюць некаторыя асаблівасці. Так, на выпушчаных у абарачэнне банкнотах узору 2009 года размешчана факсіміле подпісу кіраўніка Нацбанка на той момант - П.П. Пракаповіча. Акрамя таго, на новай банкноце наміналам 50 рублёў размешчаны надпіс "пяцьдзесят", якая не адпавядае дзеючым у цяперашні час правілам беларускай арфаграфіі. У адпаведнасці з імі гэта слова павінна пісацца праз літару "я" ў другім складзе – "пяцьдзясят". Пры ажыццяўленні Нацыянальным банкам наступных заказаў на выраб новых банкнот гэтыя неадпаведнасці выпраўляюцца.

Праверце сябе! Прапануем вам адказаць на некалькі пытанняў, якія дапамогуць ацаніць вашу фінансавую граматнасць, даведацца свае прабелы і вызначыць далейшыя крокі для павышэння сваіх кампетэнцый ў фінансавай сферы. Гэта проста, цікава і карысна!
Ці ведаеце вы свае грошы?

Дызайн і канцэпцыя беларускіх грошай (банкнот і манет), малюнак пярэднга і адваротнага бакоў, колеравая гама і размер – вы добра ведаеце, як выглядаюць беларускія грошы? Ці ведаеце вы асноўныя элементы абароны нашых грошай?

Што вы ведаеце пра Нацыянальны банк?

У нашай краіне цэнтральным банкам і дзяржаўным органам Рэспублікі Беларусь з'яўляецца Нацыянальны банк. Ці ведаеце вы, чым ён займаецца?