Вусы, лапы і хвост некалі былі дакументамі ката Матроскіна, а сёння падобным «пасведчаннем асобы» можа абзавесціся кожны.
Біяметрыя - сістэма распазнавання людзей па фізічных ці паводзінавых рысах - трывала ўвайшла ў наша штодзённае жыццё і значна спрасціла многія аперацыі, што патрабуюць пацвярджэння асобы. Не стала выключэннем і сфера фінансаў.
Як гэта працуе
Біяметрычныя даныя – гэта ўнікальныя звесткі, якія характарызуюць фізіялагічныя і паводзінавыя асаблівасці чалавека і на аснове якіх можна з упэўненасцю ўстанавіць яго асобу. Гэта могуць быць адбіткі пальцаў, голас, хада і інш. Найбольш папулярныя пяць тыпаў біяметрычных даных:
- адбітак пальца,
- выява твару,
- голас,
- радужная абалонка вока,
- малюнак вен далоні і пальца.
Усяго некалькі гадоў таму большасць біяметрычных тэхналогій было заснавана на адбітках пальцаў, аднак сёння найбольш хуткарослымі сегментамі гэтага рынку з'яўляюцца распазнаванне па голасе, малюнку вен далоні і малюнку радужнай абалонкі вока.
Любая біяметрычная тэхналогія праходзіць у чатыры асноўных этапы:
- здымак біяметрычнага ўзору – напрыклад, запіс вашага голасу або фіксацыя адбітка пальца,
- пераўтварэнне атрыманага ўзору ў матэматычны код і стварэнне шаблону,
- параўнанне шаблону з узорам, які даецца ў момант спробы аўтэнтыфікацыі – напрыклад, вы прыкладваеце палец да сканару ў момант праходжання пашпартнага кантролю ў зоне шэнгена, і сістэма параўноўвае яго з адбіткам, які вы здавалі пры афармленні візы,
- вынік – сістэма “разумее”, супалі ўзоры ці не, і ў залежнасці ад гэтага аўтэнтыфікацыя адбываецца або адхіляецца.
Бяспека біяметрыі
Біяметрыя – больш дасканалая сістэма аховы, чым паролі, коды і папяровыя дакументы. Махляры не могуць скрасці ваш твар, голас, хаду. Толькі самыя “прасунутыя” з іх могуць паспрабаваць гэтыя даныя падрабіць – але не факт, што атрымаецца.
Важна ведаць, што збор любых біяметрычных даных ажыццяўляецца толькі з пісьмовай згоды чалавека – падпісаць адпаведны дакумент вас папросяць і ў банку, і ў візавым цэнтры. Пасля збору інфармацыя захоўваецца ў электронным выглядзе ў сістэмах, якія добра ахоўваюцца ад узлому. Больш за тое, для надзейнасці нярэдка ўжываецца сістэма шматфактарнай аўтэнтыфікацыі, калі для пацвярджэння асобы выкарыстоўваюцца не толькі біяметрычныя даныя, але і стандартныя дакументы, а таксама ўнікальныя коды і паролі. Такі падыход дазваляе максімальна засцерагчыся ад зламыснікаў.
Ад тэорыі да практыкі
Біяметрычныя тэхналогіі шырока распаўсюджаныя ў многіх сферах нашага жыцця - ад дзяржпаслуг і падарожжаў да аховы здароўя і фінансаў. У 2018 годзе доля фінансавага сектара на рынку біяметрычных тэхналогій складала 15%. Сёння ва ўсім свеце банкі пачынаюць актыўна ўжываць біяметрычныя даныя для аўтэнтыфікацыі кліентаў і пацверджання фінансавых аперацый.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 красавіка 2019 года №148 “Аб лічбавых банкаўскіх тэхналогіях”, банкі, страхавыя арганізацыі, прафесійныя ўдзельнікі рынку каштоўных папер, лізінгавыя кампаніі і іншыя ўдзельнікі фінансавага рынку пры правядзенні ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі кліентаў могуць выкарыстоўваць іх біяметрычныя даныя. Пры гэтым выконваць аперацыі на падставе біяметрыі можна нават без выкарыстання электроннага лічбавага подпісу.
Зараз многія банкі выкарыстоўваюць біяметрыю пры ўваходзе ў анлайн-банкінг, у банкаматах, колл-цэнтрах, пры доступе да банкаўскіх ячэек і інш. Часцей за ўсё выкарыстоўваюць шматфактарную аўтэнтыфікацыю. Напрыклад, пры званку ў колл-цэнтр банк выкарыстоўвае біяметрыю, каб распазнаць вас па голасе, але дадаткова папросіць агучыць некаторыя асабістыя даныя. Пры наведванні сховішча з банкаўскімі ячэйкамі можа спатрэбіцца адбітак пальца і, да прыкладу, пашпарт або спецыяльная карта доступу.
Летась АРІП запусціла новы спосаб аўтарызацыі кліентаў у Міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі (МСІ) з выкарыстаннем біяметрычных даных. Каб пачаць карыстацца навінкай, трэба стварыць біяметрычныя шаблоны твару і голасу – то бок сфатаграфавацца і запісаць на аўдыё ўласную гаворку. Гэта можна зрабіць ў асабістым кабінеце ў раздзеле “Біяметрычныя даныя” https://ioauth.raschet.by/client/profile/security/biometrics У далейшым біяметрычны спосаб можа быць выкарыстаны для ўваходу ў асабістыя кабінеты МСІ і АРІП, а таксама для афармлення банкаўскіх прадуктаў у банках-партнёрах МСІ.
Важнай сёлетняй навінкай для беларусаў стала магчымасць атрымаць біяметрычны пашпарт. Знешне такі дакумент мала адрозніваецца ад стандартнага пашпарта, аднак у яго вокладку змешчаны чып з данымі пра чалавека – фота высокай якасці, электронны подпіс і адбіткі пальцаў. Гэты пашпарт можа выкарыстоўвацца толькі для паездак за мяжу, ніякіх пазнак, акрамя віз, там не будзе. Дзякуючы таму, што ў пашпарт “ушытыя” біяметрычныя даныя, праходзіць межы і атрымліваць візы стане прасцей. Для атрымання біяметрычнага пашпарта трэба звярнуцца ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы рэгістрацыі.