Раскажам яшчэ аб адным ашуканскім сцэнарыі, каб дапамагчы вам своечасова распазнаць пагрозу.

Хтосьці з людзей у большай ступені схільны паддавацца на хітрыкі, хтосьці - у меншай, і ашуканцы добра разумеюць, што, калі чалавек ужо аднойчы "павёўся", то вялікая верагоднасць, што атрымаецца яго падмануць і яшчэ раз. Калі вас ці вашых сваякоў ашукалі, не думайце, што зараз вы ўжо сапраўды ведаеце, як сябе абараніць. Сёння раскажам яшчэ аб адным ашуканскім сцэнарыі, каб дапамагчы вам своечасова распазнаць пагрозу.

Дык вось новая схема. Зламыснікі тэлефануюць людзям, якія ўжо пацярпелі ад іх дзеянняў, і прадстаўляюцца супрацоўнікамі службы бяспекі банка, праваахоўных органаў або работнікаў дзяржустаноў.  Яны паведамляюць, што махінацыі злачынцаў раскрыты і выкрадзеныя грошы можна вярнуць, але для гэтага трэба перавесці некаторую суму на ўказаны рахунак або просяць рэквізіты вашага рахунку. Яшчэ адзін варыянт - трэба ўвесці запыт на вяртанне сродкаў на сайце, спасылку на які яны дасылаюць (насамрэч спасылка вядзе на фішынгавы, падроблены сайт). Для праўдападобнасці злачынцы дадаюць шмат дэталяў пра мінулы інцыдэнт канкрэтнага чалавека, асабістыя звесткі аб ім самім. Інфармацыя ім вядома, бо яны ж самі і ажыццявілі папярэдні крадзёж.

Складанасць у тым, што людзі, якіх нядаўна падманулі, знаходзяцца ў цяжкім эмацыйным стане і ў пошуках дапамогі гатовы даверыцца чалавеку, які тэлефануе. І таму лёгка становяцца ахвярамі паўторна.

Таксама злачынцы могуць паўторна патэлефанаваць людзям, якія не трапіліся на іх хітрыкі першы раз. Падчас другога званка жулікі ў падрабязнасцях распавядаюць аб папярэднім нападзе, выкарыстоўваюць усю раней атрыманую персанальную інфармацыю аб чалавеку. Зламыснік сцвярджае, што мінулы раз у грамадзяніна быў узламаны асабісты кабінет ад інтэрнэт-банкінгу і, каб вырашыць праблему, чалавеку прапануюць назваць код, атрыманы на тэлефон у смс-паведамленні. У рэчаіснасці ж такім чынам ашуканцы спрабуюць скінуць існуючы пароль ад асабістага кабінета інтэрнэт-банкінгу, а наяўнасць кода дазволіць ім атрымаць доступ да кіравання ім.

***

Каб не стаць ахвярай ашуканцаў, ніколі нельга паведамляць незнаёмым людзям, кім бы яны ні  прадстаўляліся і ні пад якой падставай асабістыя дадзеныя, рэквізіты карткі і сакрэтную інфармацыю: CVC/CVV-код на адваротным баку карткі, коды з смс-паведамленняў, ПІН-код . Нельга таксама пераходзіць па спасылках з паведамленняў і тым больш уводзіць там персанальныя дадзеныя. Нельга пераводзіць грошы куды б там ні было па ўказаннях незнаёмых людзей, нават калі яны прадстаўляюцца супрацоўнікамі банка або праваахоўных органаў. У любой незразумелай сітуацыі трэба тэлефанаваць у банк па афіцыйным нумары і ўдакладняць інфармацыю.