У гэтым артыкуле пагаворым пра крэдытны рэйтынг, як яго інтэрпрэтаваць і выкарыстоўваць.

Што такое крэдытны рэйтынг

 

Крэдытны рэйтынг – гэта паказчык, які адлюстроўвае ступень даверу да арганізацыі і ўзровень яе надзейнасці. Па сутнасці, гэта экспертная ацэнка таго, наколькі вялікая верагоднасць, што арганізацыя своечасова верне пазыковыя сродкі.

 

Высокі рэйтынг азначае, што кампанія фінансава ўстойлівая і наўрад ці сутыкнецца з праблемамі выплаты даўгоў. Нізкі рэйтынг сігналізуе пра магчымыя складанасці і павышаныя рызыкі невыканання абавязацельстваў.

 

Навошта патрэбны крэдытны рэйтынг

 

Крэдытны рэйтынг важны для тых, хто збіраецца ўкласці грошы ў якую-небудзь кампанію або супрацоўнічаць з ёй, таму што ён зніжае няпэўнасць інфармацыі і павышае яе дакладнасць. Для прыняцця рашэння аб укладанні грошай у каштоўныя паперы арганізацыі інвестары арыентуюцца менавіта на крэдытны рэйтынг. Банкі могуць выкарыстоўваць яго перад тым, як выдаць кампаніi крэдыт. Пастаўшчыкі тавараў улічваюць рэйтынг і тым самым прадастаўляюць арганізацыі адтэрміноўку плацяжу.

 

Інфармацыя пра рэйтынгі дазваляе параўноўваць розныя арганізацыі па ўзроўні іх плацежаздольнасці. Наяўнасць прысвоенага крэдытнага рэйтынгу робіць кампанію больш празрыстай і прывабнай для інвестараў.

 

Як прысвойваецца крэдытны рэйтынг

 

Каб атрымаць крэдытны рэйтынг, арганізацыя спачатку павінна звярнуцца ў спецыялізаванае рэйтынгавае агенцтва і заключыць з ім дагавор. Потым яна павінна падаць рэйтынгаваму агенцтву ўсе неабходныя для надання рэйтынгу дакументы.

 

Агенцтва вывучае арганізацыю па ўсіх даступных даных, яго спецыялісты сустракаюцца з кіраўнікамі кампаніі, вывучаюць яе дакументацыю і праводзяць дадатковыя даследаванні.

 

Рэйтынгавыя аналітыкі рыхтуюць прапанову аб канкрэтным узроўні рэйтынгу і падаюць яе ў спецыяльны рэйтынгавы камітэт, у які ўваходзяць некалькі экспертаў. Рэйтынгавы камітэт уважліва вывучае ўсе матэрыялы і вырашае, які менавіта рэйтынг прысвоіць. Вынік паведамляюць кампаніі, а калі там няма сакрэтнай інфармацыі, агенцтва размяшчае справаздачу пра новы рэйтынг на сваім сайце.

 

Як разлічваецца крэдытны рэйтынг

 

Такім чынам, арганізацыя для прысваення рэйтынгу праходзіць праверку па розных крытэрыях, кожны крытэрый ацэньваецца асобна, і ў залежнасці ад вынікаў выстаўляецца ацэнка згодна рэйтынгавай шкалой.

 

Выніковы крэдытны рэйтынг прысвойваецца арганізацыі шляхам аднясення яго да адной з рэйтынгавых катэгорый рэйтынгавай шкалы. Рэйтынгавыя катэгорыі розных агенцтваў могуць адрознівацца, але ў цэлым адлюстроўваюць ранжыраванне ўзроўню крэдытаздольнасці. Катэгорыі могуць быць, напрыклад, такія: высокія (ААА, АА+, АА, А+ і А), сярэдняга ўзроўню (ВВВ і ВВ+), рызыкоўнага ўзроўню (ВВ, В+, В), спекулятыўнага ўзроўню (ССС і СС), і «дэфолтныя» катэгорыі (С і D).

 

Такім чынам, рэйтынгавая шкала размяркоўвае арганізацыі па катэгорыях, пачынаючы ад самых высокіх ацэнак (група AAA) і заканчваючы найгоршымі (D — дэфолт). Напрыклад, рэйтынг BBB лепш, чым BB, а BB лепш, чым B. Дадаткова літары могуць дапаўняцца знакам «+»: кампанія з рэйтынгам AA+ надзейней, чым проста з рэйтынгам AA.

 

Крэдытны рэйтынг дзейнічае роўна год з моманту прысуджэння і павінен штогод абнаўляцца. Калі агенцтва за гэты перыяд не правяло паўторнага аналізу і не пацвердзіла рэйтынг, то стары рэйтынг анулюецца.

 

У якасці прыкладу, уявіце, што ваш знаёмы вырашыў ацаніць вашу здольнасць плаціць па крэдыце. Для гэтага ён вывучыць вашы даходы, выдаткі, вашу крэдытную гісторыю, сямейнае становішча і многае іншае. Кожны пункт атрымае сваю ацэнку, а агульны вынік і стане вашым крэдытных рэйтынгам.

 

Як правільна карыстацца рэйтынгавай інфармацыяй

 

Пры прыняцці рашэння аб інвестыцыях у якую-небудзь арганізацыю важна ўлічваць адразу тры складнікі рэйтынгавай інфармацыі: непасрэдна рэйтынг паводле рэйтынгавай шкалы, прагноз па рэйтынгу і прэс-рэлізы рэйтынгавага агенцтва.

 

Сам рэйтынг (атрыманая літарная ацэнка) дапамагае хутка параўнаць кампаніі паміж сабой па ўзроўні надзейнасці і плацежаздольнасці.

У прагнозе па рэйтынгу паказваецца магчымы напрамак руху рэйтынгу ў бліжэйшыя 12 месяцаў. Пазітыўны прагноз сведчыць аб магчымым павышэнні рэйтынгу на працягу наступнага года, негатыўны – аб высокай верагоднасці яго зніжэння, стабільны – аб адсутнасці значных перамен, а нявызначаны — аб высокай верагоднасці любых змяненняў.

 

Таксама важнымі зяўляюцца прэс-рэлізы – кароткія агляды рэйтынгавага агенцтва, якія тлумачаць прычыны прысвоенай ацэнкі. У іх пералічаны плюсы і мінусы кампаніі, якія ўплываюць на яе надзейнасць. Вывучыўшы гэты дакумент, інвестар зможа лепш зразумець моцныя і слабыя бакі арганізацыі і знізіць рызыкi няправільных рашэнняў.

 

 Варта памятаць, што, хоць крэдытныя рэйтынгі і важныя для прыняцця інвестыцыйных рашэнняў, аднак толькі на іх не варта спадзявацца. Трэба аналізаваць шмат аспектаў: публікацыі самой кампаніі, эканамічныя навіны, сітуацыю ў галіне і краіне ў цэлым. Лепш за ўсё аналізаваць інфармацыю комплексна, а не спадзявацца толькі на літару рэйтынгу.

 

Такім чынам, крэдытны рэйтынг – гэта карысны і зручны інструмент для ацэнкі здольнасці арганізацыі своечасова выконваць свае фінансавыя  абавязацельствы. Спадзяёмся, ён дапаможа вам прымаць фінансавыя рашэнні больш граматна!

04.06.2025