Каб не стаць ахвярай махляроў, часцей за ўсё дастаткова ўважлівасці і пільнасці, бо ашуканцы іграюць на даверы і няўважлівасці да дэталяў, а таксама пастаянна прыдумляюць новыя "легенды".

Разгледзім некаторыя схемы махлярства, каторыя з'явіліся нядаўна.

"Замежныя трэйдэры"

Крыптавалюта - адносна новае паняцце, тонкасці яе набыцця і карыстання ёй вядомы не ўсім. Ашуканцы падпільноўваюць менавіта навічкоў. Як правіла, зламыснікі прадстаўляюцца замежнымі трэйдэрамі, прапануюць "выгодныя" ўмовы пакупкі. Для большай праўдападобнасці яны знаходзяць людзей, каторыя дзеляцца сваімі нібыта пазітыўнымі ўражаннямі ад супрацоўніцтва, або нават выступаюць "гарантамі" здзелкі. Як толькі даверлівы пакупнік пераводзіць перадаплату, сувязь з трэйдарам знікае.

Калі вы хочаце праводзіць здзелкі з крыптавалютай, звяртайцеся ў кампаніі або крыптабіржы, зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта лёгка праверыць на сайце Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Варта таксама праверыць, ці з'яўляецца кампанія-трэйдэр або біржа рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій.

Гэта ж датычыцца і "замежных трэйдэраў" каштоўных папер. Калі прапановы інвеставаць прыходзяць з месэнджараў або сацсетак - праверце інфармацыю.

Ілжэапытанні, ілжэкампенсацыі і ілжэвыйгрышы

У ліку распаўсюджаных спосабаў падману - ілжэапытанні ад банка ці іншай арганізацыі, за праходжанне якіх абяцаюць грошы. Падчас "апытання" вас папросяць паведаміць канфідэнцыйныя даныя вашай банкаўскай плацежнай карткі нібыта для пералічэння грошай. Ведайце, што гэта махлярства і спыніце кантакт.

Па той жа схеме ашуканцы могуць дзейнічаць, абяцаючы вам кампенсацыі ад дзяржавы. Нібыта для атрымання грошай вас просяць перадаць свае персанальныя даныя.

Зламыснікі могуць таксама парадаваць вас выйгрышам у нейкай гульні. Не трапляйцеся на такія хітрыкі. Памятайце, што бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы.

Адмена заказу

Яшчэ адзін незаконны спосаб завалодаць данымі вашай карткі - адмена заказу. Чалавеку паступае тэлефонны званок нібыта з інтэрнэт-крамы. У яго пытаюцца, калі даставіць ужо аплочаны заказ. Калі чалавек адказвае, што ён нічога не купляў, яму прапануюць ануляваць заказ і дасылаюць спасылку на фішынгавы сайт, дзе ён для "адмены" павінен унесці даныя сваёй карткі.

Сезонныя махлярствы

З'явіліся і новыя сезонныя віды махлярства. Напрыклад, у адным з інтэрнэт-мэсэнджараў былі апублікаваны аб'явы аб продажы летняй садовай мэблі, басейнаў коштам у два разы ніжэйшым за рынкавы. У паведамленні ўказвалася, што трэба перавесці перадаплату, інакш заўтра тавар будзе ўжо па іншай, больш высокай цане. У выніку людзі, якія так зрабілі, засталіся без грошай і без тавараў.

Памятайце, калі тавар выстаўлены па цане ў два-тры разы ніжэйшай за рынкавую, тут можа быць падвох.

Перадаплата за арэнду

З пачаткам летняга сезона актывізуецца рынак арэнды загараднай нерухомай маёмасці. Але за прывабнай карцінкай дома або дачы могуць хавацца ашуканцы, якія, як і ў выпадку з продажам тавараў, просяць перавесці перадаплату "за браню" упадабанага вамі месца адпачынку на картку. Насамрэч, заяўленай сядзібы можа і не быць - як прынаду ашуканцы выкарыстоўваюць чужыя фота з інтэрнэту. Калі заплаціце грошы, застанецеся без жаданага адпачынку. Таму, перш чым пераводзіць каму-небудзь грошы, запытайце дакументы на дом, адрас сайта сядзібы, дадатковыя фотаздымкі з месца і інш.

Здзяйсняючы пакупкі ў інтэрнэце, нельга губляць пільнасць. Перш чым пераводзіць каму-небудзь сродкі або перадаваць плацежныя даныя, варта задумацца: а што ўвогуле вядома пра атрымальніка? Для пакупак лепш наведваць добра вядомыя інтэрнэт-крамы, або тыя, ў каторых добрая рэпутацыя па водгуках карыстальнікаў. Як правіла, калі прадукцыя крамы прадстаўлена ў сацыяльнай сетцы, непасрэдна замова адбываецца толькі праз афіцыйны вэб-сайт.

Зносіны з прадаўцом праз асабістыя паведамленні, занадта нізкая цана, "перадаплаты", тавары "толькі пад заказ", пераводы з карткі на картку - падставы западозрыць падман.