QR-код - гэта карцінка, у якой зашыфравана тэкставая інфармацыя. Слова ўтварылася ад англійскага "quick response" - даслоўна "хуткі водгук". Калі на QR-код навесці смартфон з устаноўленым спецыяльным дадаткам і ўключыць камеру, прылада імгненна расшыфруе карцінку і прапануе выканаць дзеянне, зашыфраванае ў кодзе. Напрыклад, перайсці на той ці іншы сайт або аплаціць тавар ці паслугу.
Як працуе аплата па QR-кодзе
Механізм аплаты па QR-кодзе называецца куайрынг, зараз ён набірае папулярнасць па ўсім свеце. Развіваецца ён і ў Беларусі. Прапаноўвае паслугу сэрвіс, які называецца E-POS. Падключыцца да яго можа любы прадпрымальнік. Такім чынам, ён атрымае магчымасць ажыццяўляць безнаяўныя плацяжы па QR-кодзе. Адбываецца гэта наступным чынам:
- Кліент выбірае тавар ці паслугу і выказвае жаданне яе набыць. Прадавец дае адпаведны QR-код. Кліент сканіруе QR-код сваім смартфонам.
- Пасля сканіравання ёсць дзве опцыі. У першым выпадку кліента перанакіроўваюць на старонку аплаты, дзе трэба ўвесці рэквізіты карткі, некаторыя іншыя даныя і пацвердзіць аплату. У другім выпадку (калі кліент сканіраваў QR-код праз дадатак мабільнага банкінгу) аплата ажыццяўляецца праз мабільны банкінг і АРІП. Абодва спосабы аднолькава зручныя як для прадаўца, так і для кліента.
- Прадавец і пакупнік атрымліваюць пацверджанне аплаты. Тавар або паслуга прададзеныя!
У чым перавагі куайрынга
Адна з галоўных пераваг тэхналогіі - яе таннасць. Эквайрынг (магчымасць прымаць безнаяўную аплату банкаўскімі карткамі) задавальненне дарагое, асабліва калі бізнес невялікі. Бо сам плацежны тэрмінал даволі шмат каштуе. Такім чынам, каб забяспечць тэрміналамі, напрыклад, 10 кур’ераў спатрэбіцца значнае фінансіраванне.
Пры аплаце па QR-кодзе плацёжны тэрмінал не спатрэбіцца. Кліент сканіруе код сваім смартфонам і перанакіроўваецца на старонку аплаты. Там трэба ўвесці некаторыя даныя - і грошы пералічаць на рахунак прадаўца.
Акрамя нізкага кошту, варта адзначыць і іншыя перавагі:
- Выкарыстоўваць QR-код для аплаты можна дзе заўгодна: у краме, у інтэрнэце і нават дома пры кур'ерскай дастаўцы.
- Вы зможаце зрабіць пакупку, нават калі забыліся кашалёк або банкаўскую картку.
- Выкарыстанне QR-кодаў дазваляе развіваць сістэму самаабслугоўвання. Напрыклад, у рэстаране можна не чакаць афіцыянта з рахункам і тэрміналам, а аплаціць ўсё самастойна.
- Таннасць і прастата тэхналогіі дазваляе бізнэсу эканоміць і зніжаць цэны на тавары і паслугі, бо ў іх будзе закладзена менш выдаткаў.
Спіс банкаў, мабільныя дадаткі якіх дазваляюць сканіраваць QR-коды, можна знайсці тут . Калі ваш банк яшчэ не прапануе такую паслугу, нічога страшнага - проста спампуйце любы сканер QR-кодаў з App Store або Google Play. Дзеля гэтага ўвядзіце ў радок пошуку слова "QR-код".